У Кіеве ўначы зьбівалі дроны ў цэнтры, у Данецкай вобласьці амаль 20 параненых ад расейскага абстрэлу

У Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці адзін чалавек загінуў і два атрымалі раненьні, 25 лютага 2025

Расейскія войскі зноў атакавалі дронамі ўкраінскую сталіцу. Паводле кіеўскіх уладаў, сродкі супрацьпаветранай абароны працавалі ў цэнтры Кіева.

У камандаваньні Паветраных сіл Украіны ўдакладнілі, што ў ноч на 26 лютага расейскія войскі запусьцілі па краіне 177 ударных дронаў і бесьпілётнікаў-імітатараў. Зь іх 110 удалося зьбіць, а 66 — абясшкодзіць пры дапамозе сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Паводле ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, сама меней адзін дрон паляцеў у бок Беларусі.

На фронце інтэнсіўнасьць прасоўваньня расейскіх вайскоўцаў крыху запаволілася — баявыя дзеяньні перамясьціліся з-пад Пакроўску ў Вялікую Навасёлку (Ланецкая вобласьць).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея не спыняе абстрэлаў Украіны:  спачатку дроны, за імі ракеты. Сярод цывільных ёсьць ахвяры

У Краматорску адзін чалавек загінуў і 16 параненыя

Улады Данецкай вобласьці паведамілі аб ахвярах сярод цывільных у выніку расейскага ўдару па Краматорску ўвечары 25 лютага — папярэдне, адзін чалавек загінуў і 16 атрымалі раненьні, у тым ліку чацьвёра дзяцей.

Выратавальныя брыгады працягваюць разьбіраць завалы, а ўлады заклікаюць грамадзян тэрмінова пакінуць прыфрантавы горад.

Тым часам сытуацыя на лініях фронту ў Данецкай вобласьці крыху зьмянілася. Паводле аналітычнага праекту DeepState, пасьля захопу Вялікай Навасёлкі расейскія войскі запаволілі сваё прасоўваньне і цяпер спрабуюць назапасіць рэсурсы, перагрупавацца і аднавіць сваю актыўнасьць. Цяпер для іх галоўная цэль — населены пункт Камар (Валнаваскі раён), празь які праходзіць лягістыка ўкраінскіх сіл абароны ў раёне Андрэеўкі.

Паводле аналітыкаў, актыўнасьць расейцаў на пакроўскім кірунку крыху зьнізілася, а ініцыятыва перайшла да ўкраінскага войска. На гэтай лініі фронту расейскія сілы захапілі сяло Запарожжа, але маюць праблемы з ратацыяй асабовага складу, эвакуацыяй цяжкапараненых і падвозам боекамплектаў, лекаў і харчу.

Аналітыкі сьцьвярджаюць, што на гэтым кірунку фронту ў штурмах расейцы пачалі выкарыстоўваць легкавыя аўтамабілі, матаблёкі, а ў забесьпячэньні — аслоў і коней. Паводле ўкраінскага боку, тут расейцы таксама спрабуюць перагрупавацца пасьля істотнага прасоўваньня. У той жа час сытуацыя няўстойлівая, адзначаюць аналітыкі, і ў любы час можа зьмяніцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея атакавала 12 абласьцей Украіны. На Адэшчыне пацярпеў порт, у Херсоне адзін чалавек загінуў

Ахвяры сярод цывільных яшчэ ў трох рэгіёнах

У Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці расейскі дрон пацэліў у прыватны дом, узьнік пажар на плошчы 200 квадратных мэтраў. Пасьля таго, як агонь патушылі, выратавальнікі знайшлі цела аднаго загінулага, а потым яшчэ адной загінулай. Пазьней паведамілі, што ў пажары, які пачаўся ад пацэльваньня расейскага дрону загінулі сужэнцы — вядомы ўкраінскі анколяг Павал Іванчаў і журналістка дзяржаўнага агенцтва «Укрінформ» Тацяна Кулік.

Яшчэ ў адным населеным пункце пад Кіевам з раненьнямі шпіталізавалі 20-гадовую дзяўчыну, а 44-гадоваму мужчыну аказалі дапамогу на месцы.

Усяго ад расейскага абстрэлу ў Бучанскім раёне пацярпелі пяць прыватных дамоў і яшчэ ў чатырох павыляталі шыбы ад выбуховай хвалі; тры аўтамабілі згарэлі і 8 атрымалі пашкоджаньні.

У Харкаўскай вобласьці адзін чалавек паранены. У Харкаве расейскія войскі ўдарылі дронамі ў шматкватэрныя жылыя дамы, унівэрсытэт і тэатар — у дзьвюх жанчын вострая рэакцыя на стрэс, яшчэ пяцярых выратавалі ў часе тушэньня пажараў пасьля абстрэлу.

Пад штодзённымі абстрэламі Купянскі і Багадухаўскі раёны Харкаўскай вобласьці, у якіх таксама пацярпеў жылы сэктар. У Купянскім раёне адзін чалавек атрымаў раненьні.

Раненьні атрымаў і адзін грамадзянін у Сумскай вобласьці, дзе адбылося 15 выбухаў.

Сілы супрацьпаветранай абароны працавалі таксама ў Чаркаскай, Хмяльніцкай і Кіраваградзкай абласьцях. Улады пакуль не паведамляюць аб выніках расейскай атакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мэмарыял на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве стаў народным сымбалем вайны. ФОТА, ВІДЭА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.