Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмарыял на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве стаў народным сымбалем вайны. ФОТА, ВІДЭА

Народны мэмарыял у на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве
Народны мэмарыял у на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве

Гэты мэмарыял на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве ня мае афіцыйнай назвы, але кожны дзень тут зьяўляюцца новыя сьцяжкі, кожны зь якіх сымбалізуе загінулага ўкраінскага вайскоўца.

Да трэцяй гадавіны ад пачатку вайны мэмарыял наведала карэспандэнтка «Настоящего времени» Юлія Жукава.

Да 2014 году тут праводзілі масавыя канцэрты, ставілі галоўную ялінку краіны, улетку клюмбы засаджвалі кветкамі. З часам гэтае месца ператварылася ў месца памяці і смутку.

Кожны сіне-жоўты сьцяг пэрсанальны: на ім — імя загінулага на вайне, нумар брыгады, дата нараджэньня і сьмерці. Першыя сьцяжкі тут заўважылі летам 2022 году. Паводле адной з вэрсій, іх устанавіў іншаземец. Паводле іншай — сваякі вайскоўцаў палка «Азоў». Раіса — жонка загінулага вайскоўца брыгады «Азоў».

Раіса, жонка загінулага вайскоўца брыгады «Азоў»
Раіса, жонка загінулага вайскоўца брыгады «Азоў»

Ігар Шынкарук быў адным з тых, хто вясной 2022 году на верталёце добраахвотна паляцеў у аточаны расейскім войскам Марыюпаль, каб даставіць ежу і лекі. Яму было 63 гады.

«Ён мог увогуле не ісьці. Я яго прасіла, плакала. Ён сказаў, што гэта ягоны абавязак — абараняць сям’ю і краіну. Ён мне так сказаў: „Маці, гэта справа сапраўдных мужчын“. І гэта далей не абмяркоўвалася», — успамінае Раіса.

Доўгі час Раіса думала, што ейны муж у палоне. Але потым, пасьля абмену целамі, тэст ДНК пацьвердзіў гібель Ігара Шынкарука: «Гэта проста было невыносна. Так цяжка было. Ужо калі пайшла інфармацыя, што „оркі“ зайшлі і пачалі ўсё раўняць зь зямлёй, я вельмі баялася, што я ўвогуле ягонага цела магу не знайсьці».

Да імправізаванага мэмарыялу ў цэнтры Кіева ўвесь час прыходзяць людзі, хтосьці ўпісвае новае імя на сьцяжку, на бардзюрах сьвежыя кветкі і зьнічы.

Ларыса — жонка загінулага Яўгена Нявінскага, да вайны ён быў ня толькі акторам, але і займаўся канструяваньнем тэатральных дэкарацый: «Цяпер наш тэатар, дзе ён працаваў мэханікам, працуе без мэханіка. Усе нашы лялькі цяпер маўчаць, ня чуюць і не міргаюць».

Ларыса, жонка загінулага Яўгена Нявінскага
Ларыса, жонка загінулага Яўгена Нявінскага

На вайну актор-лялькавод Яўген пайшоў добраахвотнікам. Загінуў на запароскім кірунку падчас контранаступу. Некалькі месяцаў лічыўся бязь вестак зьніклым.

«Гэта быў вельмі цяжкі маральны стан. Жанчыны неяк апісваюць яго, знаходзяць словы, а я не магу. Вельмі страшна. Гэта як быццам цябе расьсеклі на часткі і ты ня можаш ні дыхаць, ні бачыць, ніе чуць, ні адчуваць нічога», — кажа Ларыса.

Патрэт Яўгена Нявінскага
Патрэт Яўгена Нявінскага

Размову з Ларысай перарываюць чарговы расейскі абстрэл і праца СПА. Пасьля адбою паветранай трывогі каля мэмарыялу сустракаем Ірыну. Яна тут упершыню — прыехала ўшанаваць памяць роднага брата Сяргея. Афіцыйна брат Ірыны лічыцца зьніклым бязь зьвестак: ягонае цела з полю бою забраць так і не змаглі. Магілы няма. І гэта самы вялікі боль для родных.

«І калегі яго, і ваеннапалонныя пацьвярджаюць той факт, што ён са сваімі сябрамі загінуў. Я сюды прывезла маці ўпершыню за два гады. Таму што сёньня гэта адзінае месца, дзе фігуруе ягонае прозьвішча. І ён тут згадваецца як вайсковец», — кажа Ірына.

Украінскі прэзыдэнт сюды часта прыводзіць замежныя дэлегацыі. Тут наглядна відаць, якую цану плаціць Украіна. Як заявілі ўкраінскія ўлады, за тры гады поўнамаштабнай вайны на фронце загінулі 43 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў. Колькі яшчэ лічацца зьніклымі бязь зьвестак, невядома.

«Гэта месца памяці. Нейкі кавалачак чагосьці роднага, калі ты прыходзіш і нібыта адчуваеш, што ён недзе тут. Гэтае месца для нас, родных загінулых, вельмі магутнае і моцнае», — кажа Ларыса.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG