Расея не спыняе абстрэлаў Украіны:  спачатку дроны, за імі ракеты. Сярод цывільных ёсьць ахвяры

Наступствы расейскага абстрэлу ўкраінскага горада Сумы 30 студзеня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля поўначы сама меней пяць расейскіх бесьпілётнікаў заляцелі ў Беларусь — у кірунку Брагіна, Верхніх Жараў і Мазыра.

У ноч на 25 лютага расейскія войскі зноў атакавалі Ўкраіну — тылавыя, прыфрантавыя і памежныя вобласьці.

Згодна зь інфармацыяй камандаваньня Паветраных сіл Украіны, расейскія войскі ўначы запусьцілі па Ўкраіне 213 ударных дронаў і бесьпілётнікаў-імітатараў, а таксама 7 крылатых ракет Х-101 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95мс.

Сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 133 ударныя дроны і шэсьць ракет. Яшчэ 79 бесьпілётнікаў абясшкодзілі ўзьдзеяньнем сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

У пяці абласьцях Украіны ёсьць параненыя

Абласныя ўлады Харкаўскай і Сумскай вобласьці паведамілі, што ў выніку расейскай атакі пацярпелі жылы і сельскагаспадарчы сэктары: пашкоджаныя дзясяткі прыватных дамоў і складоў. У Харкаўскай вобласьці пацярпелі чатыры чалавекі, у Сумах раненьні атрымалі двое.

На купянскім кірунку Харкаўскай вобласьці за апошнія 24 гадзіны расейскія войскі 11 разоў штурмавалі пазыцыі ўкраінскіх войскаў, 8 зь іх адбілі, а яшчэ тры працягваюцца.

У Абухаўскім раёне Кіеўскай вобласьці траўмы атрымала 44-гадовая жанчына. Шмат пашкоджаных прыватных дамоў і гаспадарчых памяшканьняў.

У Жытомірскай вобласьці ў выніку пацэльваньня ў прыватны будынак і гаспадарчае памяшканьне раненьні атрымала жанчына, двое дзяцей атрымалі стрэс. Усіх шпіталізавалі.

У Чарнігаўскай вобласьці ў выніку авіяўдару па памежных з Расеяй тэрыторыях раненьні атрымаў 78-гадовы мужчына. Мясцовыя жыхары налічылі 8 выбухаў.

На поўдні Ўкраіны пашкоджаныя ЛЭП і газаправод

У Мікалаеўскай вобласьці ад абстрэлу дронамі пашкоджаная лінія электраперадач. Улады сьцьвярджаюць, што раніцай ужо пасьпелі яе аднавіць. Пацярпелых няма.

Па Запароскай вобласьці расейскія войскі нанесьлі 8 удараў з баявой авіяцыі і 215 — з артылерыі. Пацярпелі дзевяць населеных пунктаў. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.

У Херсонскай вобласьці за апошнія 24 гадзіны ў выніку абстрэлаў раненьні атрымалі 14 цывільных, у тым ліку адно дзіця. Паводле ўладаў, расейскія войскі мэтанакіравана білі па крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры — пашкодзілі адзін шматпавярховы дом, 43 прыватныя дамы, а таксама газаправоды, гаспадарчыя памяшканьні і аўтамабілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ААН прынялі дзьве рэзалюцыі аб Украіне. Адна асуджае агрэсію Расеі, другая заклікае спыніць канфлікт

У Расеі заявілі аб атацы Ўкраіны на тры расейскія рэгіёны

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 25 лютага сродкі супрацьпаветранай абароны «перахапілі і зьбілі» 19 украінскіх бесьпілётнікаў, у тым ліку 16 над Бранскай, два над Курскай і адзін — над Калускай вобласьцямі.

Улады рэгіёнаў сьцьвярджаюць, што разбурэньняў і ахвяр сярод цывільных няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп на сустрэчы з Макронам у Белым доме заявіў, што неўзабаве можа сустрэцца зь Зяленскім

На фронце паменшала колькасьць сутыкненьняў, але абстрэлы працягваюцца

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны на лініях фронту зафіксавалі 98 баявых сутыкненьняў.

Адначасова расейскія войскі працягвалі абстрэл украінскіх пазыцый і прылеглых да ліній фронту населеных пунктаў. Згодна з паведамленьнем Генштабу, расейскія войскі нанесьлі 86 удараў з баявой авіяцыі з выкарыстаньнем 117 КАБаў, а таксама 5 тысяч разоў абстралялі з артылерыі. На лініі фронту расейскія войскі выкарысталі 2438 дронаў-камікадзэ.

Найбольш расейцы штурмавалі на пакроўскім (28 атак), тарэцкім (11) і купянскім кірунках (11 штурмаў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея не адмаўляецца ад сваіх умоў спыненьня агню: адмова Ўкраіны ад NATO і акупаваных тэрыторый