Кіт Келаг паведаміў аб сваім удзеле ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы ў Нямеччыне.
Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг можа прадставіць плян прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ва ўрэгуляваньні вайны Расеі супраць Украіны на Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы, якая пройдзе 14–16 лютага, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з пытаньнем.
Суразмоўцы выданьня, якія пажадалі застацца ананімнымі, не ўдакладнілі, наколькі дэталёвымі будуць абмеркаваньні пляну і ў якім фармаце яны пройдуць.
Як адзначае Bloomberg, камэнтары Келага і іншых афіцыйных асоб у апошнія тыдні намякалі на плян дасягненьня таго, што саюзьнікі Трампа называюць «мір празь сілу». Плян прадугледжвае патэнцыйнае замарожваньне канфлікту і пакіданьне акупаваных Расеяй тэрыторый «у падвешаным стане». Чакаецца, што гарантыі бясьпекі будуць дадзеныя і Ўкраіне, аднак не ўдакладняецца, якімі яны будуць.
«Як спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Расеі і Ўкраіне, я зь нецярплівасьцю чакаю размовы аб тым, што Дональд Трамп імкнецца пакласьці канец кровапралітнай і дарагой вайне ва Ўкраіне», — напісаў Келаг у сацсетцы Х 5 лютага аб сваім удзеле ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы ў Нямеччыне.
Ён анансаваў сустрэчы з саюзьнікамі ЗША, якія «гатовыя працаваць з намі».
Раней у лютым Келаг заявіў, што ў каманды Трампа ёсьць цьвёрды плян спыненьня ваенных дзеяньняў і пачатку мірных перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай. Па словах спэцпрадстаўніка, дамагчыся спыненьня агню можна на працягу некалькіх месяцаў, а не гадоў. Падрабязнасьцяў пляну ён не паведаміў. Па словах Келага, ЗША разглядаюць магчымасьць ціску ня толькі на Маскву, але і на Кіеў.
5 лютага Крэмль заявіў аб павелічэньні колькасьці кантактаў з ЗША па ўрэгуляваньні вайны. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Масква гатовая весьці перамовы з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, нягледзячы на неаднаразовыя заявы прэзыдэнта Расеі аб нібыта нелегітымнасьці ўкраінскага лідэра.
Сёлета Мюнхэнская канфэрэнцыя аб бясьпецы пройдзе з 14 па 16 лютага. Чакаецца, што ў ёй прымуць удзел каля 60 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, 150 міністраў з розных краін сьвету, а таксама кіраўнікоў вядучых міжнародных арганізацый. Ад Беларусі чакаецца прыезд Сьвятланы Ціханоўскай.