Украіна атакавала Разанскую і Бранскую вобласьці. У Кіеве расказалі, што пашкодзілі НПЗ і яшчэ шэраг аб'ектаў

Разань, ілюстрацыйнае фота

Расейскі рэгіён быў атакаваны бесьпілётнікамі, паведаміў позна ўвечары 23 студзеня губэрнатар вобласьці Павел Малкоў.

У сваіх сацыяльных сетках Павел Малкоў паведаміў аб зьнішчэньні бесьпілётнікаў над тэрыторыяй Разанскай вобласьці. Паводле яго, ніхто не пацярпеў. Пазьней расейскі чыноўнік дадаў, што «ліквідацыя наступстваў авіяналёту на Разань працягваецца. Усе апэратыўныя службы працуюць».

Аб наступствах нападу губэрнатар вобласьці не паведаміў.

У той жа час расейскія СМІ і Telegram-каналы са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамляюць пра выбухі над Разаньню. У прыватнасьці, у некаторых паведамленьнях гаворыцца пра выбухі ў раёне мясцовага нафтаперапрацоўчага заводу, заўважыла Ўкраінская служба Радыё Свабода. Рэдакцыя пакуль ня можа самастойна праверыць гэтыя дадзеныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BBC: Украіна летась больш за 80 разоў атакавала бесьпілётнікамі нафтавыя аб’екты Расеі

У Бранскай вобласьці прыпыніла працу кампанія «Группа Кремний Эл»

Паводле губэрнатара Бранскай вобласьці Аляксандра Багамаза, над гэтым рэгіёнам Расеі «перахапілі і зьнішчылі» 37 украінскіх дронаў. Кіраўнік вобласьці сьцьвярджае, што пацярпелых няма, а апэратыўныя службы вывучаюць сытуацыю на зямлі.

У той жа час расейскае агенцтва РБК паведаміла аб прыпыненьні пасьля атакі дронамі працы на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў у сфэры мікраэлектронікі ў Расеі «Группа Кремний Эл». У кастрычніку 2024 году была першая атака на гэтае прадпрыемства. Тады пашкодзілі яго энэргазабесьпячэньне і парушылі вытворчыя ланцугі кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеўскай вобласьці ў выніку расейскага абстрэлу загінулі тры чалавекі

У Генштабе Ўкраіны расказалі аб цэлях атакі

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 24 студзеня дронамі пашкодзілі шэраг аб’ектаў, задзейнічаных у забесьпячэньні расейскай арміі.

«У выніку ўдараў пачаліся пажары на вытворчых магутнасьцях „Разанскай нафтаперапрацоўчай кампаніі“ і на нафтапомпавай станцыі „Разань“», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Апроч таго, пашкодзілі завод мікраэлектронікі «Группа Кремний Эл» у Бранску. «Гэта адно з ключавых прадпрыемстваў мікраэлектроннай прамысловасьці Расеі. Завод выпускае шырокі асартымэнт мікрасхем і кампанэнтаў, якія выкарыстоўваюцца ў стратэгічна важных сыстэмах узбраеньня, у тым ліку ракетных комплексах „Топаль-М“, „Булава“, зэнітных ракетных сыстэмах С-300 і С-400, а таксама ў бартавой электроніцы баявых самалётаў», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея атакавала цывільны сэктар Украіны. Найбольш складаная сытуацыя на фронце — пад Пакроўскам

У Расеі паведамілі аб зьнішчэньні 121 украінскага дрона

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 24 студзеня «перахапілі і зьбілі» 121 украінскі дрон.

У тым ліку 37 над Бранскай, 20 над Разанскай, па 17 над Курскай і Саратаўскай, 7 над Растоўскай, па 6 над Маскоўскай і Белгарадзкай, 3 над Варонескай, па два над Тульскай, Арлоўскай і Ліпецкай вобласьцях, па адным — над Крымам і Масквой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Растоўскай вобласьці зноў гарэў НПЗ, зь якім супрацоўнічаў беларускі алігарх Варабей

З пачатку 2024 году расейскія НПЗ рэгулярна зазнаюць атак з украінскіх бесьпілётнікаў. На некаторых прадпрыемствах выйшла з ладу абсталяваньне па першаснай перапрацоўцы нафты, якія патрабавалі рамонту. Аднак ужо ў красавіку мінулага году Расея змагла часткова аднавіць магутнасьці ключавых нафтаперапрацоўчых заводаў.

Паводле падлікаў ВВС, апублікаваных у жніўні 2024 году, з пачатку году Ўзброеныя сілы Ўкраіны як мінімум 64 разы атакавалі НПЗ і нафтавую інфраструктуру на тэрыторыі Расеі. Да канца году лічба вырасла да больш як 80 выпадкаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.