Кіт Келаг, які пасьля інаўгурацыі Трампа стане спэцпрадстаўніком ЗША па Ўкраіне, хоча знайсьці рашэньне для завяршэньня вайны за 100 дзён.
Аб гэтым адстаўны генэрал заявіў у эфіры Fox News.
Келаг падтрымаў крытыку абранага прэзыдэнта ЗША ў адрас Джо Байдэна. Па словах будучага спэцпрадстаўніка, галоўная памылка Байдэна складаецца ў тым, што ён ні разу за больш як два гады поўнамаштабнай вайны не пагаварыў з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
«Прэзыдэнт [Трамп] робіць адну выдатную рэч — ён размаўляе як з супернікамі, так і з саюзьнікамі. Ён ведае, што гэта няпроста, але ён сапраўды ведае, што трэба гаварыць зь людзьмі, каб дасягнуць канчатковага выніку, і менавіта гэта ён і зьбіраецца зрабіць», — падкрэсьліў Келаг.
Ён удакладніў, што амэрыканскія чыноўнікі створаць «неабходныя ўмовы», каб Трамп мог пагаварыць як з Пуціным, так і з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
«Я думаю, што яны прыйдуць да прымальнага рашэння ў блізкай пэрспектыве. Калі я гавару аб блізкай пэрспэктыве, я хацеў бы паставіць мэту на асабістым узроўні, на прафэсійным узроўні, я б сказаў: давайце абазначым 100 дзён і будзем рухацца», — адзначыў Келаг.
Ён растлумачыў, што завяршэньне вайны Расеі супраць Украіны важна для нацыянальнай бясьпекі ЗША і зьяўляецца часткай амэрыканскіх інтарэсаў.
Будучы спэцпасланьнік па Ўкраіне таксама заявіў, што Трамп не зьбіраецца ісьці на саступкі Расеі.
«Я думаю, людзі павінны ведаць, што ён не спрабуе даць нешта Пуціну або расейцам. Ён спрабуе выратаваць Украіну і захаваць яе сувэрэнітэт, і ён зьбіраецца пераканацца, што гэта будзе справядліва і сумленна», — сказаў Келаг.
Раней абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў адміністрацыю адыходзячага прэзыдэнта Джо Байдэна за палітыку вакол Украіны. Ён лічыць, што Белы дом дапусьціў шмат памылак у перамовах аб магчымым уступленьні Кіева ў NATO, у той час як Пуцін, паводле яго, пастаянна падкрэсьліваў, што Ўкраіна не павінна мець ніякіх сувязей з альянсам.