Ад расейскага ўдару па Запарожжы сама меней 13 чалавек загінулі, 80 пацярпелі

абноўлена
Наступствы расейскага ўдару па Запарожжы, 8 студзеня 2025 году
Наступствы расейскага ўдару па Запарожжы, 8 студзеня 2025 году

Ва ўкраінскім горадзе Запарожжа ад расейскага ўдару па прамысловым прадпрыемстве ўдзень 8 студзеня загінулі 13 чалавек, дзясяткі параненыя.

Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў.

Паводле апошніх зьвестак, у Запарожжы да лекараў пасьля расейскага ўдару 8 студзеня зьвярнуліся сама меней 80 чалавек — такія зьвесткі ў эфіры тэлемаратону агучыў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода. «Чатыры чалавекі ў цяжкім стане», — удакладніў ён.

У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый (ДСНС) Украіны паведамілі, што ў выніку расейскага ўдару ў Запарожжы пашкоджаныя чатыры адміністраацыйныя будынкі, 27 аўтамабіляў і трамвай.

«Ліквідаваны пажар у адміністрацыйным будынку на плошчы 800 кв.м і трох аўтамабіляў. Аварыйна-выратавальныя работы працягваюцца», — адзначылі ў ДСНС.

Раней Фёдараў апублікаваў фота і відэа, на якіх бачныя наступствы ўдару, у тым ліку забітыя і параненыя людзі, падпалены адміністрацыйны будынак.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы ўдар, сказаў, што расейскія войскі нанесьлі ўдар па Запарожжы авіябомбамі, і падкрэсьліў неабходнасьць «ціску на Расею за тэрор».

9 студзеня ў Запароскай вобласьці аб’явяць дзень жалобы, ужо трэці раз за месяц, паведаміў Фёдараў.

​
XS
SM
MD
LG