Адносіны Ўкраіны з Лукашэнкам у мінулым, — украінскі амбасадар у асаблівых даручэньнях Кізім

Ігар Кізім

Беларусь мусіць стаць часткай абмеркаваньня на мірных перамовах па Ўкраіне, але незразумела, хто павінен яе прадстаўляць.

Такое меркаваньне ў інтэрвію выданьню Reform.news выказаў украінскі амбасадар у асаблівых даручэньнях Ігар Кізім.

«На маю думку, перамовы аб спыненьні вайны павінны ўключаць у сябе абмеркаваньне таго, якое месца ў будучай канфігурацыі рэгіянальнай бясьпекі будзе займаць Беларусь, якія будуць гарантыі таго, што з тэрыторыі Беларусі не паўторыцца расейскае ўварваньне і ня будуць ізноў наносіцца ракетныя і бомбавыя ўдары.

Але зараз цяжка сказаць, хто і ў якім фармаце павінен прадстаўляць Беларусь, проста таму, што невядомы сам фармат будучых перамоваў і ўвогуле калі яны адбудуцца. Адно можна сказаць дакладна: калі Лукашэнка і будзе запрошаны на патрабаваньне Пуціна, то ён павінен сядзець па той бок — як суагрэсар, як актыўны саўдзельнік агрэсіі, — сказаў украінскі дыплямат.

Кізім лічыць, што Лукашэнка назаўжды разбурыў адносіны з Украінай, падтрымаўшы расейскую агрэсію.

«Сёньня наўрад ці можна гаварыць пра „аднаўленьне“ стасункаў Украіны з Лукашэнкам. Мяркую, гэта ўжо ў мінулым. Гэта ўжо гісторыя нашых адносінаў. У нас быў нядрэнны ўзровень гандлёва-эканамічных адносінаў, але, падтрымаўшы расейскую агрэсію, мне здаецца, Лукашэнка назаўжды страціў для Беларусі пяцімільярдны прэміяльны ўкраінскі рынак», — сказаў на заканчэньне Ігар Кізім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Месца Лукашэнкі — побач з Пуціным, але не за сталом перамоваў, а на лаве падсудных, — украінскі палітоляг Яўген Магда