Расейскія войскі ў ноч на 11 лістапада нанесьлі інтэнсіўныя ўдары па Мікалаеве і Запарожжы.
Паветраную трывогу абвяшчалі па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны празь імаверны ракетны ўдар. Прэвэнтыўна ў большасьці гарадоў адключалі электраэнэргію.
Расея атакавала Ўкраіну 74 баявымі дронамі і 2 кіраванымі авіяракетамі Х-59/69. Украінскія СЧПА зьбілі 2 ракеты і 39 бесьпілётнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Washington Post паведаміла, што Трамп і Пуцін размаўлялі па тэлефоне пра вайну ва Ўкраіне. У Крамлі гэта адмаўляюцьМікалаеў атакавалі дронамі
Як паведамілі ўлады Мікалаеўскай вобласьці, у абласным цэнтры расейскія дроны пацэлілі ў адзін прыватны і адзін чатырохпавярховы дом. Ад удару пачаўся пажар, пяць чалавек загінулі, адну жанчыну шпіталізавалі, яшчэ 22 чалавекі зьвярнуліся па псыхалягічную дапамогу. Ратавальнікі працягваюць ліквідацыю наступстваў абстрэлу.
Па Запарожжы нанесьлі некалькі авіяцыйных удараў
У Запарожжы адзін чалавек загінуў і 21 атрымаў раненьні, у тым ліку пяцёра дзяцей. Паводле абласных уладаў, у выніку абстрэлу зьнішчаныя жылы дом, інтэрнат і аўтасалён.
У вялікіх гарадах праз імаверны ракетны ўдар Расеі адключылі электраэнэргію
Ва Ўкраіне да дзявятай раніцы працягвалася паветраная трывога праз тое, што з расейскіх аэрадромаў у паветра падняліся зьнішчальнікі.
Праз імаверны ракеты ўдар у Кіеве, Кіеўскай, Жытомірскай і іншых абласьцях прэвэнтыўна адключалі электраэнэргію, бо пабойваліся, што расейцы будуць атакаваць энэргетычныя аб’екты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна атакавала Расею бесьпілётнікамі, спынялі працу тры маскоўскія аэрапортыУ Расеі паведамілі аб зьнішчэньні ўкраінскіх дронаў
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 11 лістапада зьнішчылі 17 украінскіх бесьпілётнікаў, у тым ліку 12 — над Курскай, адзін — над Белгарадзкай і чатыры — над Варонескай абласьцямі.
Улады Курскай і Варонескай абласьцей не паведамілі аб маштабах падзеньня зьбітых дронаў. Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што рэгіён пацярпеў ад абстрэлаў артылерыяй і дронамі. Паводле яго, адзін чалавек загінуў. Ёсьць разбурэньні ў прыватным сэктары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Незалежнасьць цаной страты пятай часткі тэрыторыі. Ці застаецца надзея на тое, што Ўкраіна верне акупаваныя земліВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.