Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post паведаміла, што Трамп і Пуцін размаўлялі па тэлефоне пра вайну ва Ўкраіне. У Крамлі гэта адмаўляюць

Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп на саміце ў Осацы ў 2019 годзе
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп на саміце ў Осацы ў 2019 годзе

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паразмаўляў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і абмеркаваў зь ім вайну ва Ўкраіне.

Пра тэлефонную гутарку двух палітыкаў паведаміла 10 лістапада газэта Washington Post са спасылкай на крыніцы ў атачэньні Трампа.

Выданьне мае інфармацыю, што Дональд Трамп патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну яшчэ 7 лістапада, празь дзень пасьля размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Неназваныя крыніцы, якія цытуе Washington Post, паведамілі, што Трамп сказаў Пуціну не абвастраць вайну ва Ўкраіне і выказаў зацікаўленасьць у далейшых перамовах наконт вайны ва Ўкраіне.

Спачатку Пуцін халаднавата адрэагаваў на пераканаўчую перамогу Трампа на выбарах, перш чым 7 лістапада неафіцыйна павіншаващ абранага прэзыдэнта. Ён высока ацаніў «мужнасьць» Трампа, які выжыў пасьля замаху ў ліпені, і сказаў, што гатовы пагаварыць зь ім.

Крыніцы амэрыканскага выданьня сьцьвярджалі, што Кіеў быў праінфармаваны пра званок Пуціну і не пярэчыў.

Але ж прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі заявіў агенцтву Reuters, што Кіеў загадзя не паінфармавалі аб тэлефоннай размове паміж абраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і Ўладзімірам Пуціным.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў 11 лістапада заявіў, што размовы паміж Пуціным і Трампам, пра якую пісала The Washington Post, не было.

«Гэта поўнасьцю не адпавядае рэчаіснасьці. Гэта чыстая выдумка, гэта проста лжывая інфармацыя», — сказаў ён.

У выбарчай кампаніі напярэдадні выбараў 5 лістапада Трамп заяўляў, што скончыць вайну ва Ўкраіне. Пры гэтым ён не паведамляў падрабязнасьцяў аб тым, як ён плянуе гэта зрабіць.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG