Падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі Дональд Трамп даваў вялікія абяцаньні адносна таго, што будзе, калі ён верне сабе Белы дом.
«Пры вашай падтрымцы мы вернем моц, дамінаваньне, росквіт і гонар нашай нацыі, — сказаў Трамп за два тыдні да дня выбараў. — Гэта будзе новы залаты век Амэрыкі».
Цяпер, калі Трамп выйграў другі прэзыдэнцкі тэрмін, чаго можна чакаць ад ягонай будучай адміністрацыі? Адказ на гэтае пытаньне шмат у чым залежыць ад асобы, якую вы спытаеце.
Прыхільнікі Трампа вераць, што ён зноў зробіць Амэрыку вялікай як унутры краіны, так і за мяжой. А яго нядобразычліўцы папярэджваюць, што Трамп падарве дэмакратыю ў Злучаных Штатах.
Пакараньне
Трамп часта крытыкаваў сваіх палітычных праціўнікаў, называючы іх «унутранымі ворагамі» і мяркуючы, што зь імі «вельмі лёгка справіцца» вайскоўцам у выпадку хаосу пасьля выбараў.
Гэтыя камэнтары прымусілі віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс, якая балятавалася і прайграла Трампу, заявіць непасрэдна перад галасаваньнем, што Трамп «апантаны помстай, паглынуты крыўдай і імкнецца да бескантрольнай улады».
Унутры краіны судовая сыстэма ЗША — адна са сфэраў, дзе Трамп, як чакаецца, навядзе парадак, у асноўным з прычыны шматлікіх крымінальных спраў, зьвязаных зь ягоным першым тэрмінам, у тым ліку адносна меркаванага ўмяшаньня ў выбары і спробаў сарваць перадачу ўлады пасьля ягонай паразы на выбарах 2020 году.
Трамп таксама заявіў, што «абсалютна» памілаваў бы сваіх прыхільнікаў, якія знаходзяцца ў турме за ўдзел у нападзе на Капітолій ЗША 6 студзеня пры няўдалай спробе сарваць ухваленьне перамогі Джо Байдэна. У шырэйшым сэнсе многія прагназуюць, што ў якасьці ўзору для сваёй палітыкі Трамп будзе выкарыстоўваць «Праект-2025» — ініцыятыву, задуманую правым аналітычным цэнтрам Heritage Foundation у Вашынгтоне для зьнішчэньня г. зв. «глыбіннай дзяржавы» (кансьпіралягічнае ўяўленьне пра сыстэму сакрэтнай паралельнай улады).
Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Трамп дыстанцыяваўся ад «Праекту-2025», сьцьвярджаючы, што ня ведае, хто за ім стаіць. Але расьсьледаваньне паказала, што ў ім задзейнічаныя як мінімум 140 чалавек, якія працавалі ў папярэдняй адміністрацыі Трампа.
«Трамп любіць гаварыць жорстка, але рэдка выконвае сказанае, — сказаў Кіт Нотан, сузаснавальнік амэрыканскай фірмы сувязяў з грамадзкасьцю Silent Majority Strategies. — Усе пакараньні будуць выпадковыя, а выконваць іх будуць супрацоўнікі. Я думаю, што ў Міністэрстве юстыцыі будзе шмат зьменаў».
Вайна і мір
Тое, як Злучаныя Штаты аказваюць свой уплыў ва ўсім сьвеце, таксама напэўна зьменіцца.
Трамп заявіў, што можа спыніць вайну Расеі ва Ўкраіне «за 24 гадзіны». Паколькі Ізраіль уцягнуты ў вайну на два фронты на Блізкім Усходзе супраць узброеных груповак, якія падтрымліваюцца Іранам, Трамп заклікаў Ізраіль «скончыць працу».
Пітэр Скеры, прафэсар паліталёгіі з Бостану, заявіў, што чакае, што Трамп «падштурхне нейкае ўрэгуляваньне» паміж Масквой і Кіевам, якое, паводле ягоных прагнозаў, будзе «азначаць вялікія саступкі з боку Ўкраіны». Што Трамп будзе рабіць адносна Ізраілю, значна менш ясна, сказаў Скеры, але дадаў, што «ён будзе моцна падтрымліваць Ізраіль» і ў той жа час спрабаваць адрадзіць «Паразуменьні Абрагама» — дэклярацыю, накіраваную на араба-ізраільскую нармалізацыю.
Кітай, зь якім Трамп разьвязаў гандлёвую вайну падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну, непрадказальны. Трамп паабяцаў увесьці больш высокае мыта на прадукцыю, вырабленую ў Кітаі, калі Пэкін «пойдзе на Тайвань».
Раней ён заяўляў, што яму не давядзецца выкарыстоўваць вайсковую сілу ЗША для перадухіленьня магчымай кітайскай блякады Тайваню — дзякуючы ягоным адносінам з прэзыдэнтам КНР Сі Цзіньпінам.
Глябальны сьлед
За чатыры гады на пасадзе прэзыдэнта Трамп дамагаўся ад сяброў NATO дасягнуць неабходных узроўняў выдаткаў на абарону. Большасьць з тых часоў гэта зрабіла.
Трамп таксама кантраляваў выхад ЗША з культурнага органа ААН UNESCO, Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД) з Расеяй, ядзернай угоды з Іранам, выпрацаванай з сусьветнымі дзяржавамі, Парыскага пагадненьня аб зьмякчэньні наступстваў зьмены клімату і спыненьне фінансаваньня для Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў сувязі зь яе рэакцыяй на эпідэмію каранавірусу.
Адміністрацыя Байдэна, якая цяпер сыходзіць, імкнулася аднавіць уплыў ЗША ў такіх пагадненьнях і інстытутах, але цяпер многія прагназуюць чарговы разварот пры Трампу. Скеры сказаў, што Трамп — «мэтанакіраваны эгаістычны актар», засяроджаны на ўнутраных праблемах.
Не было б нічога дзіўнага, калі б Трамп «вярнуўся на шлях» абмежаваньня ролі Вашынгтону ў некаторых сусьветных інстытутах, сказаў ён. Нотан дадаў, што «Трамп і далей будзе хацець рабіць усё сам». Але Кангрэс ЗША, на думку Нотана, наўрад ці «пойдзе насуперак» і будзе супраціўляцца.
Форум