На 12 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца пасяджэньне паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя садзейнічаньня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», вынікае з раскладу пасяджэньняў.
Арганізацыю зарэгістравалі ў кастрычніку 1989 году і перарэгістравалі ў чэрвені 1991-га. На партале грамадзкіх аб’яднаньняў яе кіраўніком значыцца Віктар Іваноў, адрасам знаходжаньня пазначаны Менск, вул. Бабруйская, 5А. Там знаходзіцца рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Публічных зьвестак аб актыўнасьці аб’яднаньня апошнім часам ня маецца, у адрозьненьне ад, напрыклад, створанай таксама 35 гадоў таму аднайменнай расейскай асацыяцыі, якая сёлета ў верасьні праводзіла мерапрыемства «Расея і Беларусь: Міжнародны і шматсэктарны абмен практыкамі для ўстойлівай і лічбавай будучыні», заўважыў «Позірк».
З 2002 году існуе вучэбна-адукацыйны цэнтар ГА «Беларуская асацыяцыя садзейнічаньня ААН», зарэгістраваны ў Менску па вул. Інтэрнацыянальнай, 24А. Там жа месьціцца інтэрнат Беларускага дзяржаўнага цырку. Пакуль цэнтар мае статус дзейнага. У 2003 годзе ён разьмяшчаў рэкляму кампутарных курсаў у недзяржаўнай газэце «Народная воля».
У 1991–1995 гадах пры асацыяцыі функцыянаваў прадпрымальніцкі цэнтар «Сусьветная садружнасьць».
За пэрыяд пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца кастрычніка 2024га ў Беларусі рэжым Лукашэнкі зьліквідаваў ня менш за 1838 некамэрцыйных арганізацый.