У аўторак падчас заходу ў Курскую вобласьць Расеі ўкраінскія вайскоўцы ўзялі ў палон як мінімум двух расейскіх салдатаў тэрміновай службы. Відэа з палоннымі зьявілася ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах.
Пазьней сваякі аднаго зь іх, Максіма Хімляніна, пацьвердзілі тэлеграм-каналу «Осторожно, новости» яго асобу. На роліку Хімлянін кажа, што ён ураджэнец Рэспублікі Комі, яму 21 год, у расейскім войску служыць са сьнежня мінулага году, а ахоўваць мяжу з Украінай у раёне гораду Суджа Курскай вобласьці яго адправілі ў красавіку. Таксама палонны называе нумар сваёй вайсковай часткі — 488.
Другі салдат, які назваўся Даніілам Калесьнікавым, таксама называе гэтую частку ў якасьці сваёй. З словаў палоннага, яму 22 гады, ён ураджэнец Белгарадзкай вобласьці, у войска яго забралі пасьля заканчэньня каледжу.
Абодва салдаты сьцьвярджаюць, што УСУ атакуюць пазыцыі іхнай часткі ўжо некалькі дзён і што вайсковае камандаваньне гэта ведае, але фактычна кінула салдатаў тэрміновай службы на волю лёсу.
Разам з тым у расейскім міністэрстве абароны заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы, якія спрабавалі зайсьці ў Курскую вобласьць, «адступілі на сваю тэрыторыю, несучы вялікія страты», а частка зь іх была «блякаваная».
Паводле афіцыйнага паведамленьня ведамства, атака УСУ вялася сіламі 300 чалавек з 22-й мэханізаванай брыгады пры падтрымцы 11 танкаў і 20 бронемашын, большасьць з якіх нібыта зьнішчаныя.
Выканаўца абавязкаў губэрнатара Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў таксама паведаміў аб зьнішчэньні 16 адзінак тэхнікі УСУ, папрасіўшы мясцовых жыхароў «не паддавацца паніцы». Пры гэтым курскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што баі на мяжы вобласьці працягваюцца.
Вечарам у аўторак паведамленьне Міністэрства абароны Расеі было адрэдагаванае: цяпер у ім няма слоў аб адступленьні ўкраінскай «дывэрсійнай групы» з тэрыторыі Курскай вобласьці.
Украінскі бок паведамленьні аб прарыве празь мяжу афіцыйна не камэнтаваў.