Даклад дасьледчыкаў SIPRI: няма пераканаўчых доказаў разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі

Комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць нестратэгічныя ядзерныя ракеты. Ілюстрацыйнае фота

Расея і Беларусь правялі два этапы супольных вучэньня сіл і носьбітаў ядзернай зброі.

Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблем міру (SIPRI) прыйшоў да высновы аб павелічэньні расходаў дзяржаў на ядзерную зброю.

Як адзначаецца ў штогадовым дакладзе за 2024 год, дзевяць ядзерных дзяржаў — ЗША, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Паўночная Карэя) і Ізраіль — працягвалі мадэрнізаваць свае ядзерныя арсэналы, а некаторыя ў 2023 годзе разгарнулі новыя ядзерныя ракеты або сыстэмы зброі ў 2023 годзе.

«Варта адзначыць, што ў 2023 годзе было некалькі публічных заяваў аб тым, што Расея разьмясьціла ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, хоць пераканаўчых візуальных доказаў таго, што фактычнае разьмяшчэньне боегаловак адбылося, няма», — адзначылі дасьледнікі.

Паводле іх, з 12 121 боегалоўкі агульнага сусьветнага запасу каля 9585 знаходзіліся на вайсковых складах для патэнцыйнага выкарыстаньня. «Прыблізна каля 2100 разгорнутых боегаловак балістычных ракет знаходзіліся ў стане павышанай баявой гатоўнасьці. Амаль усе гэтыя боегалоўкі належалі Расеі або ЗША, але лічыцца, што ўпершыню Кітай мае некаторыя боегалоўкі ў стане павышанай боегатоўнасьці», — адзначаецца ў дакладзе.

«Хоць агульная колькасьць ядзерных боегаловак у сьвеце працягваецца зьніжацца ў выніку паступовага дэмантажу зброі часоў халоднай вайны, на жаль, мы працягваем назіраць з году ў год павелічэньне колькасьці дзейных ядзерных боегаловак. Падобна, што гэтая тэндэнцыя захаваецца і, магчыма, узмацніцца ў наступныя гады, і гэта выклікае надзвычайную трывогу», — заявіў дырэктар SIPRI Дэн Сміт.

Згодна з інфармацыяй SIPRI, Расея і ЗША разам валодаюць амаль 90% усёй ядзернай зброі. «Празрыстасьць адносна ядзерных сіл зьнізілася ў абедзьвюх краінах пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, і дэбаты вакол пагадненьняў аб разьмяшчэньні ядзернай зброі сталі больш актуальнымі», — адзначаецца ў дакладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі мэту праверкі сіл і носьбітаў ядзернай зброі ў Беларусі

Сёлета ў траўні амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) адзначылі ў сваёй справаздачы, што ні Расея, ні Беларусь не імкнуцца да ядзернай эскаляцыі і што выкарыстаньне імі ядзернай зброі застаецца малаімаверным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новая вайсковая брыгада, узброеная «Іскандэрамі», падобна, фармуецца ў Беларусі. Спадарожнікавыя здымкі