Ва Ўкраіне прызналі ўдар па дзьвюх нафтабазах у Краснадарскім краі. Аб атацы дронаў паведамілі і ў Башкартастане

Наступствы ўдару па НПЗ у Бранскай вобласьці ў студзені 2024 году. Архіўнае фота

Раней украінскія бесьпілётнікі ўжо атакавалі аб’екты ў аддаленых ад Украіны рэгіёнах — Валагодзкай, Ніжагародзкай абласьцях і ў Татарстане.

Украінскія бесьпілётнікі ў ноч на 9 траўня пацэлілі ў дзьве перавалачныя нафтабазы каля Анапы ў Краснадарскім краі Расеі.

«Гэта была пасьпяховая апэрацыя ўдарных бесьпілётнікаў СБУ. Гэтыя нафтабазы зьяўляюцца перавалачнымі для забесьпячэньня палівам расейскіх войскаў у Крыме, паколькі знаходзяцца недалёка ад паўвострава», — паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода з спасылкай на інфармаваную крыніцу.

Раней у апэратыўным штабе Краснадарскага краю заяўлялі пра атаку на нафтабазу пад Анапай у ноч на 9 траўня. Паведамлялі аб шасьці дронах і пажары, у выніку якога пашкоджаньні атрымалі некалькі рэзэрвуараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дроны атакавалі нафтавы завод у расейскай Разані, ёсьць пацярпелыя

Удзень 9 траўня ўлады Башкартастану паведамілі аб пажары на прадпрыемстве «Салаватнефтеоргсинтез», які належыць кампаніі «Газпром».

«Бесьпілётнік атакаваў прамзону горада Салават, пасьля якой адбылося задымленьне ў раёне адной з установак прадпрыемства „Газпром нефтехим Салават“. Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме», — працытавала кіраўніка Башкартастану Радзія Хабарава расейская служба Радыё Свабода.

Гэта першае такое здарэньне ў Башкартастане з пачатку вайны ва Ўкраіне. Афіцыйна расейскія ўлады пакуль не сьцьвярджаюць, што дрон быў украінскім. Ад мяжы Ўкраіны да Башкартастану больш за 1000 кілямэтраў. Раней украінскія бесьпілётнікі ўжо атакавалі аб’екты ў аддаленых ад Украіны рэгіёнах — Валагодзкай, Ніжагародзкай абласьцях і ў Татарстане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На нафтабазе пад Анапай пажар пасьля атакі дрона, у Белгарадзе заявілі пра 8 пацярпелых у выніку абстрэлу