МТС, Парк высокіх тэхналёгій, Дзяржаўны цырк. Што ў Беларусі ўзначальваюць былыя супрацоўнікі КДБ

Сымболіка КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

17 красавіка стала вядома, што МТС узначаліў Уладзімер Козыр, дагэтуль ён кіраваў КДБ па Менскай вобласьці. Паглядзелі, каго яшчэ з КДБ прызначалі на высокія пасады.

Уладзімера Козыра прызначылі на пасаду гендырэктара МТС агульным сходам удзельнікаў кампаніі. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце МТС.

«Мае вялікі досьвед, высокую кваліфікацыю і навыкі, якія дазваляюць пасьпяхова рэалізоўваць стратэгічныя задачы і праекты. Доўгі час працаваў на кірунках эканомікі і сувязі. Да прыходу ў МТС займаў кіроўныя пасады ў сілавых органах», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Уладзімер Козыр

Уладзімер Козыр нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Савічы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. У 1993 годзе скончыў Санкт-Пецярбурскі мэханічны інстытут (Расея), у 2019-м — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, паведамляе МТС.

Вядома, што ў 2020 годзе Козыра прызначылі начальнікам упраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласьці. Да гэтага ён узначальваў апэратыўна-пошукавае ўпраўленьне КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратара сувязі МТС у Беларусі ўзначаліў экс-начальнік КДБ па Менску і Менскай вобласьці

Нядаўна таксама стала вядома, што пасаду гендырэктара МТС пакінуў Уладзіслаў Андрэйчанка, сын былога старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі, які кіраваў кампаніяй з 2021 году.

У беларускім МТС, паводле апошніх дадзеных, 49% акцый належала аднайменнаму расейскаму апэратару, а 51% — дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам». У лютым сёлета дзяржава адмовілася прадаваць сваю долю акцый. МТС мае 5,7 мільёна абанэнтаў у Беларусі, валодае інфармацыяй пра іх асабістыя зьвесткі.

Глядзім, куды яшчэ прызначалі былых супрацоўнікаў КДБ.

З КДБ і Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру ў ПВТ

Аляксандар Базанаў

У жніўні мінулага году Парк высокіх тэхналёгій узначаліў Аляксандар Базанаў, былы супрацоўнік КДБ. Базанаў нарадзіўся ў 1962 годзе, ён выпускнік Полацкага ўнівэрсытэту. У пачатку 2000-х працаваў прэс-сакратаром КДБ. Напрыклад, у 2003 годзе ён камэнтаваў справу супраць мэнэджэраў кампаніі Velcom.

Пасьля стаў непублічнай фігурай. А ў 2010 годзе Базанаў узначаліў Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку. Гэтая структура мусіла аналізаваць сытуацыю ў Беларусі, рабіць сацыялягічныя дасьледаваньні, вывучаць думкі. Цэнтар праіснаваў 13 гадоў і быў зьліквідаваны ў 2019 годзе. У 2011 годзе Базанаў трапіў пад санкцыі ЭЗ, а ў 2014 годзе пачаў працаваць намесьнікам гендырэктара дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічыць, што Беларусь узьнікла «дзякуючы саветызму», 20 гадоў працаваў у КДБ. Што вядома пра новага кіраўніка ПВТ Базанава

З КДБ і Міністэрства юстыцыі — у Нацыянальны гістарычны архіў

Міхаіл Глушакоў

У жніўні мінулага году кіраўніком Нацыянальнага гістарычнага архіву прызначылі Міхаіла Глушакова. Ён таксама доўгі час служыў у КДБ. Па зьвестках аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, працаваў у цэнтральным апараце. Пасьля быў кансультантам у Міністэрстве юстыцыі. Неўзабаве пасьля гэтага прызначэньня пачаліся затрыманьні сярод супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіву.

Тады ў архіве затрымалі сама меней 7 чалавек. Па інфармацыі Свабоды, іх вызвалілі пасьля шэрагу сьледчых дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі масавыя затрыманьні

З прэс-службы КДБ — у распрацоўваньне гульняў

Дзьмітры Пабяржын

Былы кіраўнік прэс-службы КДБ Дзьмітры Пабяржын цяпер зьяўляецца заснавальнікам і ўласьнікам кампаніі GameMod, гэта вынікае зь яго старонкі на Facebook і LinkedIn.

Пабяржын выступаў як афіцыйны сьпікер КДБ ад 2016 да 2018 году. У пачатку 2020-га Пабяржын і палкоўнік КДБ Андрэй Мільчанка сталі ўдзельнікамі бойкі ў гомельскай кавярні. Пасьля Мільчанку асудзілі на 7 гадоў і пазбавілі званьня палкоўніка. Ці пакаралі нейкім чынам Пабяржына, невядома. Невядома таксама, ці звальняўся Пабяржын з КДБ.

Кампанія GameMod зьяўляецца рэзыдэнтам ПВТ, мае офіс у Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: Былы прэс-сакратар КДБ цяпер узначальвае ІТ-кампанію, якая мае офіс у Польшчы

З КДБ — у кіраўніцтва Акадэміяй навук

Алег Чарнышоў

Увосень 2021 году намесьнікам старшыні праўленьня НАН Беларусі стаў былы камандзір «Альфы» (а гэта спэцназ КДБ) Алег Чарнышоў. «Альфай» Чарнышоў камандаваў у 2009–2013 гадах. У 2012 годзе ён трапіў у «чорны сьпіс ЭЗ» як неўязны ў эўрапейскія краіны. З 2014 году працаваў намесьнікам старшыні КДБ.

З КДБ і міністэрскага крэсла — у кіраўніцтва паляўнічымі і рыбаловамі

Ігар Шуневіч

Колішні кіраўнік МУС (2012–2019) Ігар Шуневіч цяпер узначальвае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. З 2007 году Ігар Шуневіч пераходзіць на працу з МУС у КДБ. А пасьля вяртаецца ў МУС ужо на месца намесьніка міністра, а пасьля міністра МУС.

Таксама Ігар Шуневіч пасьпеў папрацаваць гендырэктарам хакейнага клюбу «Дынама» Менск (зь верасьня 2020-га па красавік 2021 году).

Цяпер Шуневіч — актыўны лабіст паніжэньня прыродаахоўнага статусу для некаторых відаў жывёлаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі плянуюць панізіць прыродаахоўны статус зубра, рысі, мядзьведзя. Шуневіч раней ініцыяваў дазвол паляваньня на іх

З КДБ у цырк

Уладзімер Шабан

І нават Беларускім дзяржаўным цыркам кіруе былы супрацоўнік КДБ Уладзімер Шабан. Яго туды прызначылі ў далёкім 2013 годзе.

У КДБ Шабан адслужыў больш за 30 гадоў, даслужыўся да пасады кіраўніка УКДБ па Менску і Менскай вобласьці, мае званьне палкоўніка. Згодна з сайтам Беларускага дзяржаўнага цырку, ён і цяпер займае пасаду гендырэктара.

«Былых супрацоўнікаў КДБ у калгасы не прызначаюць»

Паводле былога супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта і амбасады Беларусі ў Варшаве Анатоля Котава, прызначэньне былых супрацоўнікаў КДБ у іншыя арганізацыі мае дзьве мэты: добрая пасада на пэнсіі і кантроль за арганізацыяй.

Анатоль Котаў

«Абы-куды былых супрацоўнікаў КДБ не прызначаюць, у калгасы не засылаюць. Іх ставяць на патэнцыйна моцныя прадпрыемствы і туды, дзе трэба кантраляваць калектыў. МТС тут добры прыклад, гэта ня беднае прадпрыемства, дзе можна сачыць за грашыма і калектывам. Праз МТС праходзіць шмат асабістых зьвестак. І гэта ж даволі вялікі заробак. Тое самае з прызначэньнем у ПВТ: добры заробак і патрэба кантролю над ІТ-сэктарам», — кажа Анатоль Котаў.

Каб атрымаць такую пасаду, супрацоўніку КДБ трэба не «накасячыць» і займаць высокую пасаду ў гэтай структуры, бо лейтэнантаў на такія пасады не прызначаюць, мяркуе суразмоўца.

«Як бачым, пасады атрымліваюць начальнікі. Існуе нейк сьпіс у сілавікоў, каго б яны жадалі кудысьці прыстроіць. Яны часта дастаюць некага з пэнсіі, каб прызначыць на нейкае прадпрыемства. Займаецца гэтым не Лукашэнка ў большасьці выпадкаў, але буйныя прызначэньні пад ягонай увагай, калі гэта стратэгічныя прадпрыемствы», — дадае Анатоль Котаў.