Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Люстэрка»: Былы прэс-сакратар КДБ цяпер узначальвае ІТ-кампанію, якая мае офіс у Польшчы


Старонка Дзьмітрыя Пабяржына ў LinkedIn
Старонка Дзьмітрыя Пабяржына ў LinkedIn

Выданьне «Люстэрка» даведалася, што былы прэс-сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын зьяўляецца ўласьнікам і кіраўніком кампаніі, якая займаецца распрацоўкай кампутарных гульняў. Кампанія мае офіс у Польшчы, а сярод былых саўладальнікаў — ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі. Ці звольніўся Пабяржын са спэцслужбаў — невядома.

Дзьмітры Пабяржын выступаў у ролі афіцыйнага сьпікера КДБ у 2016–2017 гадах, а потым на некалькі гадоў зьнік з публічнага поля. Калі і ў якім званьні Пабяржын звольніўся з КДБ (і ці звольніўся наогул), дакладна не вядома. BELPOL паведаміў «Люстэрку», што Пабяржын кіраваў прэс-службай КДБ прыкладна да 2018 году, пасьля яго панізілі з прычыны «няправільнага афармленьня дакумэнтацыі па камандзіровачных», у выніку чаго ён атрымаў лішнія грошы. Па сытуацыі ў КДБ праводзілі службовае расьсьледаваньне.

З траўня 2023 году Дзьмітры Пабяржын разьмясьціў на вокладцы сваёй старонкі ў Facebook эмблему кампаніі GameMod. З тых часоў у Facebook і LinkedIn ён прадстаўлены як яе кіраўнік (СЕО) і заснавальнік.

Мяркуючы па выпісцы з Адзінага дзяржаўнага рэестру, у ТАА «ГеймМод» два ўласьнікі: 60% юрыдычнай асобы належыць Дзьмітрыю Пабяржыну, 40% — Анатолю Пушко. Такія ж уласьнікі ў польскай SOO Gamemod, у ёй долі ўласнасьці паміж Пабяржыным і Пушко падзеленыя пароўну. У LinkedIn таксама можна знайсьці Арцемія Пушко, які падпісаны як «саўладальнік GameMod» — магчыма, гэта сын Анатоля, адзначае «Люстэрка».

Цікава, што да красавіка 2022 году юрыдычная асоба «ГеймМод» мела іншую назву — «ЮРАНЭКС-бясьпека». У адным са старых бізнэс-каталёгаў яе сфэра дзейнасьці апісваецца як «кансультаваньне ў пытаньнях камэрцыйнай дзейнасьці і іншае кансультаваньне ў пытаньнях кіраваньня». Разам зь Дзьмітрыем Пабяржыным кампаніяй валодалі Аляксандар Раманоўскі і «Клюб вялікага тэнісу».

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар раней распавядаў, што Раманоўскі — былы супрацоўнік Службы бясьпекі Лукашэнкі. Ён быў саўладальнікам кампаній «Глабалкастам-мэнэджмэнт» і «Глабалакстам-камэрс», якія зьвязваюць зь Віктарам Шэйманам. Гэтыя арганізацыі сталі заснавальнікамі «ГардСэрвісу» — адзінай ахоўнай кампаніі ў Беларусі, якая мае права валодаць агнястрэльнай зброяй.

Пра дзейнасьць GameMod вядома няшмат. Афіцыйнага сайта ў кампаніі няма. У LinkedIn яна апісваецца як «міжнародная студыя распрацоўкі AAA-гульняў для PC і кансоляў поўнага цыклю». Журналістам «Люстэрка» не ўдалося знайсьці згадак пра датычнасьць GameMod да якой-небудзь знакамітай гульні. У кампаніі, мяркуючы па LinkedIn, працуюць 82 чалавекі (зь іх 14 — у Польшчы), яна рэзыдэнт ПВТ.

Крыніцы «Люстэрка» з гульнявой галіны расказалі, што GameMod, хутчэй за ўсё, не распрацоўвае ўласных гульняў, а займаецца аўтсорсам, але над якімі менавіта праектамі працуе кампанія, невядома.

«Люстэрка» даслала запыты Дзьмітрыю Пабяржыну і прадстаўнікам «ГеймМод» з просьбай расказаць, ці працягвае былы прэс-сакратар працаваць у КДБ і чаму ён вырашыў заняцца распрацоўкай кампутарных гульняў. На момант публікацыі гэтага матэрыялу журналісты не атрымалі адказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG