Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічыць, што Беларусь узьнікла «дзякуючы саветызму», 20 гадоў працаваў у КДБ. Што вядома пра новага кіраўніка ПВТ Базанава


На сайце Парку высокіх тэхналёгіяў Аляксандар Базанаў цяпер значыцца як «начальнік». Сярод кадравых рашэньняў Лукашэнкі гэтая інфармацыя пакуль не праходзіла. Невядома таксама, што здарылася з былым кіраўніком ПВТ Усеваладам Янчэўскім.

«Дзяржава не баіцца крытыкі»

Вядома, што Аляксандру Базанаву 60 гадоў. У ягонай біяграфіі напісана, што скончыў Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, але факультэт не пазначаны. Вядома таксама, што Базанаў служыў на розных пасадах у КДБ і ў дзяржаўным сакратарыяце Рады бясьпекі, у МЗС і апараце Савету міністраў.

Агулам Аляксандар Базанаў адслужыў у органах КДБ больш за 20 гадоў. Працаваў у структурах зьнешняй выведкі і контравыведкі.

У 1998 годзе яго забралі ў Раду бясьпекі, якой тады кіраваў Віктар Шэйман. У 2001 годзе Базанаў вярнуўся ў КДБ, дзе стаў прэсавым сакратаром.

На гэтай пасадзе Базанаў адзначыўся здымкамі ў фільме БТ «Павуціна», які быў прысьвечаны дзейнасьці прадстаўніцтва амэрыканскай Рады па міжнародных дасьледаваньнях і абменах (IREX). Сярод іншага Базанаў тады сказаў, што «дзейнасьць такіх арганізацый на інфармацыйным полі — заўсёды выдатная пляцоўка і плятформа для падобнай дзейнасьці, роднаснай дзейнасьці спэцыяльных органаў».

Таксама Базанаў сказаў там, што IREX стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

«Дзяржава не баіцца крытыкі і не разглядае любое крытычнае выказваньне на свой адрас як праяву інфармацыйнай вайны. Але калі гэтая крытыка мэтанакіравана фармуецца на грошы замежнага ўраду, калі матэрыяльная дапамога мэтадычна і арганізацыйна аказваецца з пазыцыі перавагі рэсурсаў і ў асобных выпадках негалосна, узьнікае пытаньне: якая сапраўдная мэта гэтай дзейнасьці?» — казаў Базанаў у інтэрвію «Белгазеце».

У цэлым Базанаў у той пэрыяд не ігнараваў недзяржаўныя СМІ і часта даваў ім камэнтары, у тым ліку і Радыё Свабода.

«Інтэграцыя — гэта нацыянальная ідэя Беларусі»

Пасьля працы прэсавым сакратаром КДБ Базанаў зьехаў на пасаду ў амбасадзе Беларусі ў Нямеччыне. У 2010 годзе стаў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру. У намесьніках у Базанава ў той час быў вядомы заходнерусіст і прыхільнік «русского мира» Леў Крыштаповіч.

Базанаў і Крыштаповіч нават выдалі некалькі сумесных артыкулаў. У 2012 у часопісе «Беларуская думка», які рэдагаваў Вадзім Гігін, выйшла публікацыя «Пад выглядам сувэрэнітэту».

«Распад СССР прывёў да крушэньня ня ўяўнай савецкай імпэрыі, а стварыў умовы для распаду дзяржаўнага цела ўсіх былых савецкіх рэспублік. (...) Постсавецкія рэспублікі вызваліліся ад свайго гістарычнага быцьця, паколькі ўсе яны ўзьніклі толькі дзякуючы саветызму», — пісалі Крыштаповіч і Базанаў.

Далей яны прыходзяць да высновы, што «інтэграцыя — гэта і ёсьць нацыянальная ідэя Расеі і Беларусі».

Іншая іх сумесная публікацыя — «Саюзная дзяржава як імпэратыў разьвіцьця Беларусі і Расеі ў сучасным сьвеце».

У 2014 годзе Базанава прызначылі намесьнікам генэральнага дырэктара РУП «Белтэлекам».

Што да асабістага жыцьця, то вядома, што Базанаў жанаты, мае дзьвюх дачок. У адным з інтэрвію ён казаў, што каханай любіць падараваць «маленькую скрыначку, у якую пакласьці маленькае сэрцайка і маленькую запісачку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG