На поўдні Ўкраіны пасьля пашкоджаньня ГЭС Расеяй уводзяць абмежаваньні. Харкаў застаецца пад абстрэламі

Адзін з апошніх удараў Расеі па Харкаве. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне цалкам спынілася найбольшая гідраэлектрастанцыя, ДнепраГЭС.

У нацыянальнай кампаніі «Укренерго» заявілі аб магчымых абмежаваньнях забесьпячэньня электраэнэргіяй бытавых спажыўцоў у паўднёвых гарадах.

Абмежаваньні патлумачылі недастатковым аб’емам энэргагенэрацыі пасьля прыцэльных удараў Расеі па энэргетычных аб’ектах.

Ва Ўкраіне цалкам спыніла працу найбольшая гідраэлектрастанцыя — ДнепраГЭС. Ужо вядома, што да канца вайны яе ня змогуць аднавіць.

Разам з ДнепраГЭС пацярпелі падстанцыі, якія разьмяркоўвалі энэргію. Гэтым абумоўлена ўвядзеньне абмежаваньняў у забесьпячэньне электраэнэргіяй на поўдні Ўкраіны — у Запароскай, Адэскай і Херсонскай абласьцях. Зьменшылі пастаўку энэргіі прамысловаму комплексу ў Днепрапятроўскай вобласьці, у прыватнасьці ў Крывароскім раёне.

Найгоршай застаецца сытуацыя ў Харкаўскай вобласьці.

Як паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны, выратавалі сытуацыю сонечныя электрастанцыі. Дзякуючы яснай пагодзе ў выходныя сонечныя станцыі дапамаглі збалянсаваць энэргасыстэму.

У ноч на 1 красавіка расейскія войскі выкарысталі бесьпілётнікі, ад удару якімі пашкоджаньні атрымала высакавольтная лінія ў Запароскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея нанесла масіраваны ракетны ўдар па энэргааб’ектах Украіны. ФОТА

Расея не спыняе ўдараў па Харкаве

Украінскія ратавальнікі паведамілі, што ў ноч на 1 красавіка расейскія войскі нанесьлі ўдар па пажарна-выратавальным пункце.

«У выніку абстрэлу траціна памяшканьня пажарна-выратавальнага падразьдзелу разбураная. Апроч таго, пашкоджаны вокны і брама фасаднай часткі, унутраныя перагародкі і дзьверы. На дзяжурстве знаходзіліся шэсьць ратавальнікаў. На шчасьце, ніхто зь іх не пацярпеў», — паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Украіны.

Мэр Харкава Ігар Церахаў у інтэрвію ўкраінскаму выданьню LIGA.net заявіў, што Расея зьнішчыла ў горадзе ўсе трансфарматарныя падстанцыі і пашкодзіла ЦЭЦ, у выніку чаго Харкаў цалкам застаўся без электрычнасьці.

«Нам разам з энэргетыкамі ўдалося зрабіць цуд. Ужо ўвечары наступнага дня сьвятло пачало зьяўляцца ў жылых дамах», — сказаў Ігар Церахаў.

Паводле яго, расейцы не падышлі бліжэй да мяжы Харкава, але пачалі атакаваць яго больш магутнай зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея выкарыстоўвае кіраваныя авіябомбы для абстрэлу Харкаўскай вобласьці, загінуў хлопчык 12 гадоў

У Херсонскай вобласьці ёсьць ахвяры

Улады Херсонскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 1 красавіка расейцы абстралялі больш за 20 населеных пунктаў рэгіёну. Адзін чалавек загінуў, два атрымалі раненьні.

Зноў адбыліся ўдары па аб’ектах крытычнай інфраструктуры, газаправодах, спадарожнікавай вежы і помпавай станцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня зафіксавалі амаль паўтысячы фактаў хімічных атак Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.