Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выкарыстоўвае кіраваныя авіябомбы для абстрэлу Харкаўскай вобласьці, загінуў хлопчык 12 гадоў


Наступствы ракетнага ўдару Расеі па Кіеве, 25 сакавіка 2024 году
Наступствы ракетнага ўдару Расеі па Кіеве, 25 сакавіка 2024 году

У Расеі сьцьвярджаюць, што Ўкраіна атакавала дронамі Белгарадзкую вобласьць.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 28 сакавіка Расея запусьціла па мірных гарадах Украіны тры крылатыя ракеты Х-22, адну супрацьрадыёлякацыйную Х-31П, адну С-300 і 28 ударныя дроны.

Украінская супрацьпаветраная абароны зьнішчыла 26 дронаў у межах Адэскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Запароскай абласьцей.

Улады Харкаўскай вобласьці праводзяць эвакуацыю дзяцей

Адразу пасьля поўначы расейцы нанесьлі ўдар дронамі па Харкаве — пашкоджаньні атрымалі рэстаран, крама, офісныя памяшканьні.

Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў, уначы расейцы выпусьцілі па Ізюмскім і Купянскім раёнах кіраваныя авіябомбы. У Купянску абышлося без ахвяр, хоць пацярпелі чатыры шматкватэрныя дамы і адзін інтэрнат. У Ізюмскім раёне ў вёсцы Барава пашкоджаныя камунікацыі, пяць прыватных і тры шматкватэрныя дамы, дзіцячы садок і кацельня. Ад атрыманых раненьняў загінуў 12-гадовы падлетак.

Ад артылерыйскіх і мінамётных абстрэлаў пацярпелі яшчэ 20 населеных пунктаў вобласьці. З двух грамад улады вывезьлі 159 дзяцей.

У Расеі не пацьвярджаюць, што абстрэльвалі Харкаўшчыну кіраванымі бомбамі. Ва ўмовах вайны апэратыўна праверыць інфармацыю бакоў складана.

Адэскую вобласьць атакавалі некалькі гадзін запар — ракетамі і дронамі

Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер паведаміў, што расейцы пачалі атакаваць рэгіён адразу пасьля поўначы — спачатку з самалёта Ту-22М3, а потым Су-30. Паводле яго, украінская супрацьпаветраная абароны зьбіла ўсе ракеты над морам.

А трэцяй гадзіне ночы расейцы атакавалі Адэскую вобласьць дронамі, а раніцай зноў нанесьлі ракетны ўдар. «Папярэдне без пацярпелых», — паведаміў Алег Кіпер.

У Днепрапятроўскай вобласьці пад моцным агнём Нікапаль

Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак паведаміў, што ў рэгіёне ад абстрэлаў з цяжкай артылерыі пацярпелі Пакроўскі і Марганецкі раён, але найбольш — Нікапаль, дзе раненьні атрымалі два чалавекі, пашкоджаны гатэль і лінія электраперадач.

За 24 гадзіны — паўтысячы ўдараў па Запароскай вобласьці

Кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў паведаміў, што расейцы за 24 гадзіны нанесьлі 406 удараў па 7 населеных пунктаў рэгіёну.

«Атрымалі 53 паведамленьні пра руйнаваньне жылых будынкаў і аб’ектаў інфраструктуры. У часе атакі бесьпілётнікамі ў Запарожжы пацярпелі дзьве жанчыны — 72 і 74 гадоў», — паведаміў кіраўнік вобласьці.

У Расеі сьцьвярджаюць, што Ўкраіна атакавала дронамі Белгарадзкую вобласьць

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў заявіў аб ліквідацыі1 6 паветраных цэляў над Белгарадам і Белгарадзкім раёнам.

«Пацярпелых няма», — паведаміў ён.

Паводле расейскага губэрнатара, у Белгарадзе пашкоджаньні атрымалі 12 шматкватэрных дамоў, дзьве мэдычныя і чатыры адукацыйныя ўстановы.

На месцах працуюць апэратыўныя службы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG