Краіны ЭЗ заключылі пагадненьне аб вайсковай дапамозе Ўкраіне на 5 мільярдаў эўра

Штаб-кватэра ЭЗ у Брусэлі

Краіны Эўрапейскага Зьвязу пасьля некалькіх тыдняў дыскусіяў узгаднілі дамоўленасьці аб пераглядзе і ўзмацненьні спэцыяльнай схемы, якая выкарыстоўвалася для перадачы зброі і боепрыпасаў Украіне.

Пагадненьне, падпісанае амбасадарамі ў Брусэлі, дасьць магчымасьць папоўніць Эўрапейскі фонд міру (ЭФМ) яшчэ 5 мільярдамі эўра да канца году, што стане дапаўненьнем да 6,1 мільярда эўра, выдзеленых з пачатку 2022 году.

Пра гэта паведамляе Euronews.

ЭФМ атрымаў шырокую вядомасьць адразу пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну: краіны-чальцы ЭЗ пасьпяшаліся даць Кіеву вайсковую тэхніку, якая захоўвалася ў іх нацыянальных запасах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз ухваліў прымеркаваны да другой гадавіны ўварваньня ва Ўкраіну 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі

Фонд часткова кампэнсуе выдаткі на гэтыя ахвяраваньні, дазваляючы ўсім краінам, ад самых буйных да самых маленькіх, унесьці свой уклад і аказаць дапамогу. Гэта «пазабюджэтная» схема, паколькі бюджэт ЭЗ ня можа фінансаваць выдаткі, якія ідуць на ваенныя дзеяньні.

Але ў 2023 годзе ЭФМ пачаў «губляць абароты»: запасы паступова скончыліся, а ўрады перайшлі ад калектыўных ахвяраваньняў Украіне да двухбаковых. Праца фонду была фактычна паралізаваная ў траўні, калі Вугоршчына наклала вэта ў адказ за ўнясеньне Кіевам вугорскага OTP Bank у сьпіс «міжнародных спонсараў вайны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз пераадолеў пярэчаньні Вугоршчыны і ўхваліў дадатковы пакет дапамогі Ўкраіне на 50 мільярдаў эўра

Празь некалькі месяцаў пасьля інтэнсіўнага дыпляматычнага ціску гэты статус быў зьняты, але Будапэшт працягваў перашкаджаць выдзяленьню новага траншу ў памеры 500 млн эўра для папаўненьня мэханізму.

Тым часам пачаліся дэбаты аб рэфармаваньні ЭФМ, каб зрабіць яго больш эфэктыўным, больш прадказальным і лепшым для патрэбаў Украіны.

Аднак перамовы заблыталіся ў палітычных супярэчнасьцях і зацягнуліся даўжэй, чым чакалася: Нямеччына настойвала на выліку «натуральных унёскаў» (двухбаковых ахвяраваньняў) з чаканага ўнёску краіны, а Францыя, падтрыманая Грэцыяй і Кіпрам, патрабавала, каб ЭФМ выкарыстоўваўся выключна для закупу зброі, вырабленай унутры Зьвязу.

Дэбаты ў Брусэлі рэзка кантраставалі з падзеямі на полі бою: у лютым украінскія войскі былі вымушаныя адступіць з усходняга гораду Аўдзееўка, што стала невялікай, але стратэгічнай перамогай Расеі. Няўдачу шмат хто наўпрост зьвязаў са скарачэньнем вайсковых паставак заходнімі саюзьнікамі, асабліва ЗША, дзе пакет падтрымкі ў памеры 60 мільярдаў даляраў завяз у двухпартыйнай барацьбе.

Усё гэта падштурхнула прадстаўнікоў краінаў-чальцоў ЭЗ да пошуку разьвязаньня.

Канкрэтныя дэталі пагадненьня, дасягнутага ў сераду, сталі вядомыя не адразу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

2 млрд эўра вайсковай дапамогі. Украіна падпісала зь Нідэрляндамі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры бясьпекі

Глыбокі разрыў у аб’ёмах дапамогі, якая прадстаўляецца краінамі-чальцамі, спарадзіў спрэчкі: паводле дадзеных Кільскага інстытуту, Нямеччына ўзначальвае сьпіс донараў з 17,7 млрд эўра, за ёй ідуць Данія з 8,4 млрд эўра і Нідэрлянды з 4,4 млрд эўра.

Наадварот, тры найбуйнейшыя краіны ЭЗ плятуцца ў хвасьце: Італія — 670 млн эўра, Францыя — 640 млн эўра, Гішпанія — 330 млн эўра. Парыж аспрэчыў мэтодыку інстытуту і сьцьвярджае, што ягоныя двухбаковыя ахвяраваньні складаюць 2,61 млрд эўра, што ўсё роўна значна менш за нямецкі паказчык.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.