Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 млрд эўра вайсковай дапамогі. Украіна падпісала зь Нідэрляндамі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры бясьпекі


Прэм'ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Харкаў, 1 сакавіка 2024
Прэм'ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Харкаў, 1 сакавіка 2024

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры бясьпекі і доўгатэрміновай падтрымцы Ўкраіны.

Пра гэта Зяленскі паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

Дакумэнт, паводле слоў Зяленскага, прадугледжвае выдзяленьне двух мільярдаў эўра вайсковай дапамогі ад Нідэрляндаў у 2024 годзе, а таксама аказаньне вайсковай дапамогі на працягу наступных дзесяці гадоў.

«Пагадненьне таксама вызначае прыярытэты дапамогі ў сфэры супрацьпаветранай абароны, артылерыі, марскіх і дальнабойных сродкаў, з асаблівым акцэнтам на ўмацаваньні Паветраных сілаў Узброеных сілаў Украіны», — адзначыў ён.

Рутэ, у сваю чаргу, заявіў, што «Ўкраіна цяпер упэўненая ў нашай сталай падтрымцы: ня толькі па ўсім спэктры абарончага супрацоўніцтва, але таксама ў сфэрах аднаўленьня, санкцый і барацьбы за праўду і справядлівасьць».

Першай краінай, якая падпісала з Украінай дакумэнт аб супрацоўніцтве ў сфэры бясьпекі, была Вялікая Брытанія. Таксама падобныя дамовы з Кіевам падпісалі Нямеччына, Францыя, Данія, Канада і Італія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG