Украіна бесьпілётнікамі атакавала 7 вобласьцяў Расеі, гараць сховішчы з палівам

Украінскі бесьпілётнік

Дроны даляцелі ў тым ліку да Падмаскоўя.

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што ў ноч на 12 сакавіка СПА «зьнішчылі і перахапілі» над расейскімі рэгіёнамі 25 украінскіх бесьпілётнікаў. Расейскае ведамства заяўляе, што над Белгарадзкай вобласьцю зьнішчаныя 7 дронаў, над Курскай — 11, над Маскоўскай і Арлоўскай — па 2, а ў Бранскай, Ленінградзкай і Тульскай — па 1. Пазьней міністэрства паведаміла пра яшчэ адзін зьбіты над Курскай вобласьцю.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што ў падмаскоўным Раменскім зьбіты дрон, які ляцеў на сталіцу. Паводле папярэдніх зьвестак, разбурэньняў і пацярпелых няма.

У Арлоўскай і Ніжагародзкай абласьцях у выніку ўдараў пачаліся пажары на разьмешчаных там прадпрыемствах паліўна-энэргетычнага комплексу.

На нафтабазе ў Арле ў выніку ўдару бесьпілётніка загарэўся адзін з рэзэрвуараў з палівам, паведаміў губэрнатар вобласьці Андрэй Клычкоў. Аб удары пішуць таксама мясцовыя жыхары ў сацыяльных сетках: на здымках бачны магутны пажар і высокі слуп дыму. Як паведаміў мэр гораду Юрый Парахін, улады эвакуавалі 17 чалавек з двух суседніх з нафтабазай шматпавярховікаў.

Тэлеграм-канал «112», блізкі да сілавых структураў, піша, што бесьпілётнік ударыў па нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве «Лукойл-Нижегороднефтеоргсинтез».

На ўсёй тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці аб’яўлена ракетная трывога, паведаміў губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў.

Падчас абстрэлу вёскі Ганчароўка загінуў мясцовы жыхар, адна жанчына атрымала кантузію, паведаміў губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт. Пашкоджаньні атрымалі дом і аўтамабіль. У іншых рэгіёнах Расеі зьвестак пра пацярпелых і загінулых няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея запусьціла амаль два дзясяткі дронаў па Адэскай вобласьці, на Харкаўшчыне ёсьць пацярпелыя