У Нямеччыне занепакоеныя выцекам размовы афіцэраў бундэсвэру

Дэманстрацыя ў Бэрліне 24 лютага 2024 году з патрабаваньнем пастаўкі TAURUS Украіне

Калі праслухоўваньне размовы нямецкіх афіцэраў, якія нібыта абмяркоўвалі верагодныя ўдары TAURUS па Крымскім мосьце, пацьвердзіцца, гэта будзе «вельмі праблематычна», заявіў кіраўнік камітэту бундэстагу па кантролі за спэцслужбамі.

Палітыкі з партыі «Саюз-90»/«Зялёныя» і апазыцыйнага блёку ХДС/ХСС, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю Нямеччыны, выказалі занепакоенасьць паведамленьнямі аб магчымым перахопе Расеяй размовы высокапастаўленых афіцэраў вайскова-паветраных сіл, у якім, як мяркуецца, абмяркоўваліся ўдары TAURUS па Крымскім мосьце.

«Калі гэтая гісторыя пацьвердзіцца, гэта будзе вельмі праблематычным інцыдэнтам», — заявіў у інтэрвію выданьням групы Redaktionsnetzwerk Deutschland (RND) у пятніцу, 1 сакавіка, старшыня камітэту бундэстагу ў кантролі за дзейнасьцю спэцслужбаў Канстанцін фон Ноц, піша DW.

«Паўстае пытаньне, ці зьяўляецца гэта адзінкавым выпадкам або структурнай праблемай бясьпекі, — дадаў дэпутат ад „Зялёных“. — Я чакаю неадкладнага высьвятленьня ўсіх абставін».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

NYT: кіраўніцтва Нямеччыны аналізуе будучыню NATO і рыхтуецца да працяглага канфлікту з Расеяй

У сваю чаргу экспэрт фракцыі ХДС/ХСС у пытаньнях абароны Родэрых Кізэвэтэр папярэдзіў аб верагоднасьці публікацыі і іншых перахопленых размоваў.

«Напэўна было праслухана яшчэ некалькі размоў, і, магчыма, у пазьнейшыя тэрміны яны будуць раскрыты ў інтарэсах Расеі», — сказаў Кізэвэтэр навінаваму парталу ZDFheute.de.

Паводле яго слоў, можна меркаваць, што Расея апублікавала зьмест размовы ў дадзены момант з пэўнай мэтай, а менавіта «каб перашкодзіць пастаўкам TAURUS Нямеччынай».

Раніцай 1 сакавіка галоўная рэдактарка расейскага прапагандысцкага тэлеканалу RT Маргарыта Сіманьян паведаміла, што ёй нібыта перадалі 40-хвілінны аўдыёзапіс, на якім «высокапастаўленыя афіцэры бундэсвэру» абмяркоўваюць магчымыя ўдары па Крымскім мосьце з дапамогай ракет TAURUS. У пацьверджаньне гэтых слоў Сіманьян апублікавала расшыфроўку размовы, якая, паводле яе слоў, адбылася 19 лютага 2024 году, а таксама сам аўдыёзапіс гутаркі, удзельнікі якой размаўляюць адзін з адным на нямецкай мове. Пасьля гэтага міністэрства замежных спраў Расеі запатрабавала ад германскага ўраду тлумачэньняў.

Міністэрства абароны Нямеччыны пачало праверку, ці маглі быць перахоплены ўнутраныя размовы ў ВПС.

«Фэдэральнае ведамства вайсковай контравыведкі (BAMAD) прыняло ўсе неабходныя захады», — паведаміла ў адказ на запыт DW прадстаўнік Мінабароны ў Бэрліне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гісторык Тымаці Снайдэр: «З Расеяй, якая прайграла, лягчэй мець справу»

Канцлер Фэдэральнай рэспублікі Оляф Шольц раней на гэтым тыдні падрабязна абгрунтаваў сваю адмову ад паставак TAURUS Украіне.

«У TAURUS дальнабойнасьць 500 кілямэтраў, і калі яе няправільна прымяніць, то яна можа ўдарыць па цэлі дзе-небудзь у Маскве», — указаў кіраўнік нямецкага ўраду на сустрэчы з жыхарамі Дрэздэну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

2 млрд эўра вайсковай дапамогі. Украіна падпісала зь Нідэрляндамі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры бясьпекі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.