Лукашэнка заявіў, што яго ўладу нібыта падтрымліваюць 87% насельніцтва. Гэта больш, чым яўка на выбарах, якую агучыла ЦВК

Сяргей Лебедзеў, Сяргей Алейнік, Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка сказаў пра гэта на сустрэчы, якую правёў празь некалькі гадзін пасьля падвядзеньня папярэдніх вынікаў выбараў.

26 лютага Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Місіі назіральнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым. На сустрэчы таксама прысутнічаў міністар замежных спраў Сяргей Алейнік.

«Мы, зыходзячы з ужо майго досьведу, спрабуем прааналізаваць хаду гэтай кампаніі. І бачым, што цяперашнюю ўладу падтрымліваюць больш за 87% насельніцтва. Адназначна падтрымліваюць. Ёсьць невялікая колькасьць тых, хто вагаецца. Натуральна, ёсьць і незадаволеныя людзі. Мы гэта выдатна разумеем. Таму ў гэтым электаральным цыкле нам трэба аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы, трэба сёе-тое выпраўляць. Такіх праблем у нас няшмат. Мы за год іх падцягнем, выправім. І я ўпэўнены, што людзі яшчэ ў большай колькасьці прыйдуць на прэзыдэнцкія выбары», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што на цяперашніх выбарах была нечакана высокая для яго яўка. Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, яна склала 73,09%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэкордныя лічбы датэрміновай яўкі, ахова на ўчастках, адсутнасьць незалежных назіральнікаў: як прайшлі «выбары-2024» у Беларусі

Паводле праваабаронцаў, выбары 25 лютага і датэрміновае галасаваньне прайшлі зь парушэньнямі.

На выбарах не было незалежных беларускіх і замежных назіральнікаў; у дэпутаты балятаваліся выключна ляяльныя рэжыму людзі; напярэдадні і падчас выбараў сілавікі затрымлівалі і запалохвалі людзей, якія, на іх думку, маглі пратэставаць супраць вынікаў; тысячы беларусаў, у тым ліку апазыцыйныя дзеячы, вымушана пакінулі краіну і нават не маглі прагаласаваць за мяжой, бо выбарчыя ўчасткі былі адкрытыя толькі на тэрыторыі Беларусі; у краіне амаль 1,5 тысячы палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рада БНР: «Акцыя, арганізаваная незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, ня мае нічога супольнага зь легітымнымі выбарамі»