Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: «Акцыя, арганізаваная незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, ня мае нічога супольнага зь легітымнымі выбарамі»


Прэзыдэнтка Рады БНР Івонка Сурвіла
Прэзыдэнтка Рады БНР Івонка Сурвіла

З асуджэньнем працэсу і вынікаў выбараў, якія прайшлі ў Беларусі 25 лютага, выступіла Рада БНР.

Рада БНР канстатуе, што акцыя, арганізаваная ў Рэспубліцы Беларусь 25 лютага 2024 году незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, ня мае нічога супольнага зь легітымнымі выбарамі ў легітымны орган заканадаўчай і прадстаўнічай улады.

Далей Рада БНР зьвяртаецца да гісторыі:

«Парлямэнтарызм у Беларусі праіснаваў толькі некалькі гадоў у першай палове 90-х і быў зьнішчаны з прыходам да ўлады прарасейскага стаўленіка Лукашэнкі. Менавіта на загад Лукашэнкі ў красавіку 1995 году ў залі парлямэнту былі зьбітыя дэпутаты Беларускага Народнага Фронту, а лістападзе 1996-га пры непасрэднай падтрымцы Крамля Лукашэнка зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот, зламаўшы Канстытуцыю і ўсталяваўшы рэжым аднаасобнага кіраваньня.

Ад таго часу тое, што ў Рэспубліцы Беларусь лічыцца заканадаўчым і прадстаўнічым органам, увасабляе сабой зьдзек з самога прынцыпу парлямэнтарызму, бо так званыя дэпутаты не абіраюцца на свабодных выбарах і цалкам падпарадкаваныя Лукашэнку і ягоным спэцслужбам. З гэтае прычыны ніякія законы і ніякія міжнародныя пагадненьні, прынятыя альбо ратыфікаваныя гэтым антыканстытуцыйным органам, ня могуць лічыцца легітымнымі.

Сёлетнія так званыя выбары адбыліся пры фактычнай акупацыі Беларусі Расеяй, ва ўмовах татальнага тэрору і поўнай ліквідацыі непраўладных палітычных і грамадзкіх інстытутаў. Прызначаныя адміністрацыяй „дэпутаты“ ня могуць быць прадстаўнікамі беларускага народу. Усе пастановы гэтых „дэпутатаў“ ня будуць мець легітымнай сілы.

Рада БНР перакананая, што толькі на свабодных, дэмакратычных, пазбаўленых фальсыфікацыяў выбарах у сапраўды незалежнай нацыянальнай беларускай дзяржаве, пры наяўнасьці грамадзкіх і міжнародных назіральнікаў, беларускі народ зможа ў поўнай ступені выявіць сваю волю», — гаворыцца ў заяве.

Што такое Рада БНР

  • Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
  • Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з Радай Усебеларускага зьезду 1917 году і станам на 2022 год застаецца самым старым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні».
  • Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе.

Рада БНР — найстарэйшы беларускі палітычны і дзяржаўны інстытут, захавальнік традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.

Пасьля таго, як у 1918-м бальшавікі пакінулі Менск, дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэту Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да скліканьня Устаноўчага сойму. 21 лютага 1918 году Выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале зь Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў шмат намаганьняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асьветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газэты, вялася праца па адкрыцьці ў Менску Беларускага ўнівэрсытэту, зьявіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпляматычны, была ўзаконеная дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краінаў Эўропы адкрыліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР.

Аднак з прычыны складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны. Шэраг гісторыкаў лічаць, што менавіта пэрыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўленьня беларускай нацыі.

З таго часу Рада БНР дзейнічае на эміграцыі.

У 2020 годзе Рада БНР падтрымала пратэставы рух супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, пасьля нападу Расеі на Ўкраіну з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі выступіла супраць расейскай агрэсіі.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG