Суд «Беларуськалію» супраць Літвы працягваецца. Пачаўся арбітражны працэс
Ілюстрацыйнае фота
Беларуская дзяржаўная кампанія спрабуе праз суд спагнаць зь Літвы 1 млрд эўра.
У сьнежні Эўрапейскі суд адмовіўся зьняць санкцыі з тэрміналу Клайпедзкага порту, які часткова належыць «Беларуськалію». Але «Беларуськалій» працягвае судовыя разборы праз страты, зьвязаныя, на думку прадстаўнікоў кампаніі, з парушэньнем урадам Літвы пагадненьня пра абарону інвэстыцый. У Літве пачалі арбітражны працэс пасьля скаргі беларускага прадпрыемства, паведамляе Delfi са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва Elta.
У лістападзе літоўскія СМІ са спасылкай на Міністэрства транспарту і сувязі гэтай краіны паведамілі, што ААТ «Беларуськалій» пачало арбітражны працэс супраць Літвы, патрабуючы кампэнсацыі шкоды памерам каля 1 млрд эўра, ня лічачы працэнтаў і судовых выдаткаў.
Пазоўнік мяркуе, што панёс шкоду ў выніку таго, што літоўскі ўрад на пачатку 2022 году прызнаў несапраўднай дамову на перавозку грузаў паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем». На падставе гэтага рашэньня была спыненая перавозка праз балтыйскую краіну ўгнаеньняў. Тым самым, як сьцьвярджае «Беларуськалій», Літва парушыла двухбаковае пагадненьне 1999 году аб абароне інвэстыцый.
Таксама, на думку беларускай кампаніі, пагадненьне было парушанае ў выніку зьяўленьня спэцыяльнага запісу ў літоўскім рэестры аб прымененых абмежаваньнях дзейнасьці Клайпедзкага тэрміналу навалачных грузаў, што прывяло да зьніжэньня яго кошту.