Прадстаўнікоў апазыцыі сёлета няма сярод вылучэнцаў, але і адэптаў «русского мира» ня так шмат. Расказваем, што вядома пра тых, хто вырашыў паспрабаваць трапіць у Палату прадстаўнікоў
25 лютага ў Беларусі адбудзецца адзіны дзень галасаваньня, калі выбарнікам прапануюць прагаласаваць за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Выбары ўнікальныя тым, што ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ў ёй зусім ня будуць удзельнічаць прадстаўнікі палітычнай апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Імітацыя канкурэнцыі. Такіх выбараў незалежная Беларусь яшчэ ня бачылаУсе апазыцыйныя партыі папярэдне былі зьліквідаваныя Міністэрствам юстыцыі, а асобных вылучэнцаў, як былога кіраўніка партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука, проста не зарэгістравалі ў якасьці кандыдатаў.
Але ці будуць на гэтых выбарах, апроч традыцыйных вылучэнцаў ад вэртыкалі, кандыдаты, якія адкрыта сымпатызуюць «русскому миру»? Свабода вывучыла сьпісы кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто такая Вольга Бондарава, якая змагаецца з усім беларускімБондарава хоча трапіць у Менскі гарсавет
Вядомасьць да Вольгі Бондаравай прыйшла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі разам з былым сілавіком Дзьмітрыем Беляковым яна заснавала «Інфаспэцназ Беларусь», каб накідаць праўладныя погляды ў сацыяльных сетках. Бондарава ўдзельнічала ў мітынгах у падтрымку Лукашэнкі.
Пазьней яна разьвівала сваю дзейнасьць самастойна. Пачала змагацца з праявамі ўсяго беларускага. Даходзіла да таго, што «васілёк — гэта адзін з сымбаляў беларускіх нацыстаў».
Пасьля скаргаў Бондаравай зь менскага мэтро і вулічных паказальнікаў зьнікла лацінка, улады зносілі помнікі і нават саджалі ў турму людзей. Менавіта Бондарава першай стала абурацца выставай Алеся Пушкіна ў Горадні. У выніку мастак трапіў у няволю, дзе і памёр.
«З проста фрыкаватай прыхільніцы „русского мира“ яна стала галоўнай даносчыцай Беларусі. Да яе думкі прыслухоўваюцца ў самых высокіх кабінэтах. Насамрэч жа гэта прабелы адукацыі і дэманстрацыя свайго невуцтва», — выказаўся гарадзенец, асабіста знаёмы з Бондаравай.
Цяпер Бондараву вылучылі ад Камуністычнай партыі Беларусі як кандыдатку ў дэпутаты Менгарсавету па Шугаеўскай акрузе (гэта мікрараён Уручча-1 у Менску). 41-гадовая актывістка пазначаная ў сьпісах як «студэнтка Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Танка».
Іншым кандыдатам па гэтай акрузе зьяўляецца ідэоляг вайсковай часткі 3214 Міхаіл Адамчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што сабой уяўляе і з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі? Тлумачыць экспэрт iSANS АўсеюшкінЛектар-кансьпіроляг
Па Сьвіслацкай акрузе Менску самастойна шляхам збору подпісаў вылучыўся 55-гадовы прадпрымальнік Андрэй Іваноў.
У 2020 годзе ён зьбіраўся быць кандыдатам ў прэзыдэнты, але ня быў зарэгістраваны па прычыне таго, што народжаны ў Расеі. Іваноў выступае за больш шчыльны саюз з Расеяй, а краіну называе «Белая Русь».
Таксама ён лічыць, што развал СССР быў незаконным, а Беларусь ад 1991 году знаходзіцца пад акупацыяй. Пры гэтым Іваноў езьдзіў з кансьпіралягічнымі лекцыямі для работнікаў райвыканкамаў па Беларусі. Меў ухвальную грамату ад «міністра моладзі ДНР». Іваноў прыхільнік славянскага паганства («раднавер’я»), удзельнічаў у рытуалах.
Па гэтай самай акрузе ад КПБ вылучаецца палкоўнік Аляксандар Плавінскі. Ён вядомы сваімі публікацыямі аб тым, што ў Курапатах людзей расстрэльвалі нацысты, а не савецкія спэцслужбы. Ніякіх гістарычных абгрунтаваньняў яго працам няма.
Яшчэ адзін кандыдат па дадзенай акрузе — прапагандыст і супрацоўнік пасольства Беларусі ў Расеі Аляксандар Шпакоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Марыў быць конюхам, а цяпер выступае ў Салаўёва. Што вядома пра прапагандыста Вадзіма ГігінаПрыхільнік Мураўёва ў Менску
Па Партызанскай акрузе № 110 у Менску вылучаны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін. Ён прафэсійны гісторык, але пасьля вучобы ў БДУ працаваў у БРСМ і Генэральнай пракуратуры. Туды Гігіна з сабой браў прапагандыст Юры Азаронак.
«Яны сышліся на глебе манархісцкіх, чарнасоценскіх поглядаў, прыхільнасьці да Расеі. Азаронак-старэйшы шмат у чым дапамог Гігіну», — расказаў Свабодзе знаёмы прапагандыста.
Упершыню вядомасьць Гігін атрымаў пасьля таго, як выказаў захапленьне віленскім генэрал-губэрнатарам Міхаілам Мураўёвым-вешальнікам. Тым самым, які падаўляў паўстаньне 1863-1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі. Гігін называў яго «прыкладам дзяржаўнага служачага, які выклікае павагу».
Шмат гадоў Гігін супрацоўнічаў з сайтам zapadrus.ru. У адной з публікацый на гэтым партале Гігін піша, што «рускі народ» складаецца зь вялікаросаў, беларусаў і маларосаў. А факт стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу ён называе нічым іншым, як «праявай Божага промыслу».
Цяпер Вадзім Гігін самы часты беларускі госьць прапагандысцкіх перадач на расейскім тэлебачаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Праўладная партыя «Белая Русь» ініцыявала прыём у Беларусі дзяцей з акупаваных тэрыторый УкраіныЯшчэ адзін заходнерусіст у Горадні
Па Горадзенскай-Паўночнай акрузе № 52 вылучаны кіраўнік партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.
Раней ён працаваў выкладчыкам філязофіі ў Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Раманаў — выхаванец загадчыка катэдры філязофіі Чэслава Кірвеля. У сваіх публікацыях Кірвель пісаў, што «Францішак Скарына, Якуб Колас і Васіль Быкаў — гэта частка «русского мира».
Раманаў пераняў погляды Кірвеля аб тым, што беларусы — гэта частка «трыадзінага рускага народу». «На занятках ён шкадаваў аб развале СССР, дзе мы былі пад абаронай Расеі-матушкі», — расказваў Свабодзе адзін з былых студэнтаў Раманава.
Непрацяглы час Алег Раманаў пабыў рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а потым узначаліў партыю «Белая Русь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Дом Масквы», «Расейскі дом». Лукашэнка зноў заклікаў бараніць расейскую мову. Пералічваем, хто гэтым ужо займаецца ў БеларусіКаго не зарэгістравалі
Па Паўднёва-Заходняй акрузе Менску ў Палату прадстаўнікоў спрабаваў балятавацца кіраўнік беларускага аддзяленьня Нацыянальнага-вызваленчага руху Расеі (НОД) Уладзімер Рыжанкоў. Ён выступае за далучэньне Беларусі да Расеі і лічыць, што «80% беларускіх чыноўнікаў працуе на ЗША».
Падчас гэтай кампаніі выбарцаў Рыжанкоў называў «простымі рускімі людзьмі». У выніку Рыжанкоў не сабраў патрэбныя 1200 подпісаў, а пасьля гэтага нецэнзурна выказаўся пра беларускую выбарчую сыстэму.
Намесьнік Рыжанкова па НОД Віталь Самусенка спрабаваў вылучацца па Ясенінскай акрузе Менску, але подпісы сабраць таксама ня здолеў.