Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладная партыя «Белая Русь» ініцыявала прыём у Беларусі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны


Дзеці стаяць побач з варонкай, якая ўтварылася ад расейскага ракетнага ўдару. Гляваха, Кіеўская вобласьць, Украіна. 26 студзеня 2023
Дзеці стаяць побач з варонкай, якая ўтварылася ад расейскага ракетнага ўдару. Гляваха, Кіеўская вобласьць, Украіна. 26 студзеня 2023

Аб «прыёме ў Беларусі дзяцей з Данбасу» паведаміў старшыня праўладнай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.

Праўладная партыя «Белая Русь» і «Россотрудничество» абмеркавалі «дапамогу Данбасу», заявіў Алег Раманаў.

Паводле яго, у плянах «арганізаваць узаемныя абмены», а таксама «прыём у Беларусі дзяцей з Данбасу».

Кіраўнік прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Беларусі Юрый Макушын сказаў, што «некаторыя праекты ў дапамозе Данбасу ўжо ажыцьцяўляюцца».

24 красавіка праўладны беларускі «грамадзкі дзеяч» Аляксей Талай паведаміў, што па даручэньні Лукашэнкі больш за тысячу дзяцей і падлеткаў з акупаваных тэрыторый Украіны прымуць у дзіцячы лягер «Дубрава» ў Салігорскім раёне Менскай вобласьці ў красавіку–траўні. У Беларусі ўжо 350 дзяцей з гэтых рэгіёнаў.

24 красавіка ў Беларусь з акупаванай часткі Запароскай вобласьці прывезьлі 100 дзяцей. Пра гэта раней у эфіры беларускага тэлеканалу «СТВ» заявіў прадстаўнік акупацыйнай запароскай адміністрацыі Ўладзімер Рогаў.

27 красавіка член украінскай дэлегацыі ў ПАСЭ, дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка паведаміў, што ПАРЭ падтрымала яго папраўку да рэзалюцыі, якая прызнае Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам гвалтоўнай дэпартацыі дзяцей і дарослых з акупаваных тэрыторый Украіны.

5 траўня Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, заявіў на брыфінгу ў Брусэлі, што рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік Расеі ў агрэсіўнай вайне ня толькі таму, што дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну і сваю інфраструктуру — для навучаньня і аднаўленьня расейскіх войскаў, але і таму, што ў Беларусь вязуць дзяцей, гвалтоўна дэпартаваных з акупаваных украінскіх тэрыторый.

Паводле Карпэнтэра, накіраваньне ўкраінскіх дзяцей у дзіцячыя лягеры на акупаваных тэрыторыях, а таксама на тэрыторыі Расеі і Беларусі, — гэта адзін з спосабаў, якім расейскія ўлады забіраюць дзяцей зь сем’яў.

Амбасадар ЗША, цытуючы справаздачу АБСЭ, таксама падкрэсьліў, што ўкраінскіх дзяцей часта гвалтоўна аддзяляюць ад бацькоў падчас так званага «працэсу фільтрацыі». Бацькоў адпраўляюць у адны фільтрацыйныя лягеры, а дзяцей — у іншыя. Тым дзецям, якіх перадаюць у расейскія семʼі, часта мяняюць імёны, прозьвішчы і нават месца нараджэньня, што робіць немагчымым вызначыць іх сапраўдную ідэнтычнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG