Ва Ўкраіне стварылі «РокРадыёBY» для папулярызацыі беларускай культуры

Мікрафон на тле ўкраінскага сьцяга

Праект створаны пры падтрымцы палку Кастуся Каліноўскага.

Украінскі праект «РокРадіо» на базе ўласнай онлайн-плятформы запусьціў у этэр радыё «РокРадыёBY», на якім можна слухаць музыку беларускамоўных сучасных і культавых гуртоў, паведамляе прэс-рэліз праекту.

Акрамя беларускіх, тут таксама прадстаўленыя папулярныя ўкраінскія рок-гурты.

Слухаць радыё можна па спасылцы.

Заснавальнікі — украінскі радыёпрадусар Алег Удавічэнка і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. У далейшых плянах — стварэньне блёкаў навін, аўтарскіх праграм і іншага, што тычыцца сучаснай беларускай культуры. Плянуецца таксама падрыхтоўка блёкаў навін аб падзеях ва Ўкраіне, навін з фронту, інфармацыі пра культурныя ініцыятывы, украінска-беларускія адносіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянуем падтрымаць 50 праектаў». Беларуская Рада культуры расказала, на што яна патраціць 2 мільёны эўра

«Вялікая колькасьць прадстаўнікоў музычнай індустрыі вымушаная была пакінуць Беларусь, а вялікая колькасьць твораў знаходзяцца пад забаронай. „РокРадыёBY“ мае на мэце стаць пляцоўкай для такіх беларускіх музыкаў у стылі рок, а таксама для тых дзеячоў, якія падтрымліваюць сапраўдную беларускую айдэнтыку», — адзначаюць стваральнікі «РокРадыёBY».

«Выкарыстаньне тэрыторыі і інфраструктуры Беларусі для нападу Расеі на Ўкраіну нанесла велізарную шкоду адносінам паміж беларусамі і ўкраінцамі, — кажа старшы палітычны дарадца дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі. — ...Наш дыялёг вельмі важны, каб фармаваць узаемаразуменьне і супрацоўнічаць. Адной з ініцыятываў, якія дапамагаюць гэтаму дыялёгу, стала стварэньне ўкраінска-беларускага радыё. Мы вітаем гэтую выдатную ініцыятыву і заклікаем распаўсюджваць інфармацыю пра яе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2-3 спэктаклі на месяц». Алег Гарбуз пра тое, што адбываецца з «Купалаўцамі»