Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плянуем падтрымаць 50 праектаў». Беларуская Рада культуры расказала, на што яна патраціць 2 мільёны эўра


Сяргей Будкін
Сяргей Будкін

Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры падпісалі кантракт з Эўракамісіяй аб падтрымцы беларускай культуры і мастацтва на 2 мільёны эўра. Сёньня арганізацыі прэзэнтавалі праект «ArtPower Belarus: захаваньне беларускай грамадзкай прасторы праз культуру і мастацтва».

«Гэта важная падзея для беларускай незалежнай супольнасьці, бо ўпершыню культура трапіла ў прыярытэты працы Эўразьвязу зь Беларусьсю. Адна з мэтаў нас як арганізацыі, ад самага стварэньня яшчэ два гады таму, — акрамя наладжваньня экстранай дапамогі, якая дагэтуль патрэбная ўсім нам, — яшчэ падумаць на доўгатэрміновую пэрспэктыву, каб культуру зразумелі ўсе ў больш шырокім сэнсе. Калі кажуць, што нам не да песень, калі пратэсты, гвалт, рэпрэсіі, вайна, мяне гэта заўжды бянтэжыць. Культура — гэта пра ўсіх нас, гэта тое, што дапаможа захаваць нас як асобаў, як грамадзян гэтай краіны, захаваць яе незалежнасьць. Культура — гэта адзін з інструмэнтаў, рухавік для зьменаў», — кажа кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Дамову з Эўразьвязам падпісаў Дацкі інстытут культуры, на ім ляжаць кантрактныя абавязкі забясьпечыць празрыстасьць праекту, якасьць, справаздачнасьць і фінансавае кіраваньне.

«Зь Беларусьсю супрацоўніцтва Інстытуту пачалося з 2015 году, яно адбывалася ў выглядзе дацка-беларускіх абменаў, як і ў іншых краінах „Усходняга партнэрства“. Асноўнай мэтай было прасоўваньне ідэі культуры як рухавіка дэмакратычных пераменаў у грамадзтве. Адзін з праектаў, зь якім мы ўжо працавалі зь Беларускай Радай культуры — гэта Фонд новай дэмакратыі, у рамках якога мы дасягнулі адчувальнага выніку, падрыхтавалі дапаможнік па культурніцкіх правах, якім могуць карыстацца дзеячы культуры для прасоўваньня сваіх правоў і іх абароны», — кажа Мэс Эстэргор, часовы дырэктар Дацкага інстытуту культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве, адказны таксама за працу зь Беларусьсю і Ўкраінай.

Распрацоўніца праекту ArtPower Belarus Тацяна Пашавалава кажа, што галоўнае, каб Рада культуры і іншыя супольнасьці бралі культурную палітыку ў свае рукі.

«Першая задача праекту — падтрымаць дзеячоў культуры ў іх крэатыўнасьці, у іх намаганьнях празь дзьве лініі падтрымкі. Першая лінія — гэта падтрымка праектаў (да 5 і да 60 тысячаў эўра), якія будуць выдзяляцца на конкурснай аснове, як гэтага і патрабуе працэдура Эўразьвязу. Другая лінія — падтрымка схемаў мабільнасьці беларускіх дзеячоў культуры, каб яны маглі ўдзельнічаць у фэстывалях, імпрэзах, атрымліваць адукацыю, дэманстраваць свае прадукты ў іншых краінах», — тлумачыць Тацяна.

«Мае асабістыя чаканьні, што людзі будуць ня толькі прасіць грошы, але і разумець, дзе іх дастаць»

Каб праект дасягнуў сваіх мэтаў, трэба павышаць патэнцыял дзеячоў культуры, дадае Тацяна.

«Каб яны скарысталі цяжкую сытуацыю для ўласнага росту, увайшлі ў рынкавую культурніцкую прастору суседніх краін. Для гэтага падвышэньня патэнцыялу мы маем магчымасьць аб’яднаць тых дзеячоў культуры, якім ёсьць чым падзяліцца. І так сфармаваць супольнасьць беларускіх праектных культурных мэнэджэраў новага пакаленьня, якія б маглі б адказваць калектыўнымі творамі на тое, што адбываецца навокал, і каб гэта ўмацоўвала беларускую грамадзянскую супольнасьць».

2 мільёны эўра даюцца на 28 месяцаў. Сродкі даволі невялікія, кажа Сяргей Будкін.

«Калі гэтыя сродкі будуць разьмеркаваныя эфэктыўна, калі зь іх вырастуць ініцыятывы па-за намі, калі гэтыя праекты будуць далей жыць і натхняць, народзяць новых арт-мэнэджараў, то можна гаварыць пра далейшы пошук рэсурсаў і падтрымкі. Гэты бюджэт ня ўтрымлівае нашую арганізацыю. Над ім працуе толькі 4–5 чалавек з нашай каманды. Для прыкладу, бюджэт Швайцарскага фонду культуры — 46,3 мільёна эўра на год. Бюджэт Украінскага фонду культуры да вайны — 20 мільёнаў на год, пры тым, што там некаторыя структуры асобна фінансуюцца», — тлумачыць Сяргей.

Цяпер узгадняюцца крытэры, якім чынам праекты будуць разглядацца на атрыманьне фінансаваньня, каб не было канфлікту інтарэсаў і іншых праблем.

«Я спадзяюся, што напрыканцы студзеня будзе першы прыём заяваў па праграме мабільнасьці, якая дазволіць творцам вандраваць у нейкіх прафэсійных інтарэсах, і на падтрымку праектнай дзейнасьці», — кажа Сяргей.

Кіраўнік Рады культуры дадае, што ягоныя чаканьні ад праекту яшчэ і ў тым, каб людзі самі навучыліся «даставаць» грошы.

«Мае асабістыя чаканьні, што людзі будуць ня толькі прасіць грошы, але і разумець, дзе іх дастаць, як выжываць у гэтай сыстэме і ісьці далей. Мы хочам запускаць працэсы і спрыяць стварэньню новых арганізацый, праектаў і ўсяго астатняга. Тут няма мэты перацягнуць коўдру на сябе. Калі ў нас стане больш арт-мэнэджараў, больш артыстаў, якія будуць займацца самапрадусаваньнем, і ня будзе гэтай гісторыі толькі пра ныцьцё і ахвярнасьць, а будзе паднятая галава і разуменьне будучыні, тады гэта будзе крок наперад», — мяркуе Сяргей.

У рамках кантракту плянуюць падтрымаць 50 праектаў.

«На паездку, на мабільнасьць будзе выдзяляцца каля 2000 эўра на чалавека, але гэта залежыць ад таго, што за праект. Мы б хацелі пабачыць напрыканцы гэтага праекту, што беларускія дзеячы культуры і іншыя мэцэнаты будуць больш уключаныя ў вырашэньне сваіх справаў самастойна, у культурную палітыку. Мы хочам бачыць, што прадукты беларускай культуры сучасныя, цікавыя і адказваюць на выклікі часу, яны будуць заўважаныя на эўрапейскім узроўні і будуць жаданыя для любых партнэраў. Мы будзем бачныя не таму, што мы няшчасныя, а таму, што мы добра робім сваю справу», — дадае Тацяна Пашавалава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG