Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2-3 спэктаклі на месяц». Алег Гарбуз пра тое, што адбываецца з «Купалаўцамі»


Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

Зь вялікай трупы Купалаўскага тэатру ў Польшчу пераехала паўтара тузіна чалавек, якія аб’ядналіся ў акторскую групу «Купалаўцы». Яны дагэтуль ня маюць сталай сцэнічнай пляцоўкі, але зрабілі ўжо нямала тэатральных праектаў.

Пагаварылі з акторам Алегам Гарбузам пра творчасьць і выжываньне ў чужой краіне.

— Алег, я ведаю, што на прэм’еру спэктакля «Купалаўцаў» па Бахарэвічу ў Люблін ехалі беларусы з Варшавы і Гданьску. А квіткі на іншую прэм’еру, у Варшаве, разышліся за паўдня. Дайце справаздачу, што зроблена за год у Польшчы?

«Людзі-гусі-лебедзі». Чэрвень 2022, Люблін
«Людзі-гусі-лебедзі». Чэрвень 2022, Люблін

— За гэты час былі зроблены чатыры паўнавартасныя спэктаклі: «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча, «Людзі-гусі-лебедзі» па адной з частак антыўтопіі «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, «Сфагнум» паводле рамана Віктара Марціновіча, і «Рамантыка» — зноў жа па Міцкевічу.

Да таго ж быў праект «Ноч расстраляных паэтаў». У Мангайме, Людвігсгафэне і Штутгарце мы паказалі праект «Kuo Vadis» (тры спэктаклі). Мой быў паводле раману Аляксандра Чарнухі «Сьвіньні».

Так што атрымліваецца 6 праектаў. «Дзяды» і «Сфагнум» сыгралі толькі па адным разе.

— Што ў плянах, якія новыя спэктаклі рэпэтуеце?

— У плянах новых спэктакляў, новых рэпэтыцый пакуль няма. Тут бы пайграць тое, што мы ўжо адрэпэтавалі і паставілі. Найперш трэба знайсьці пляцоўку, якая б пагадзілася з намі супрацоўнічаць.

Нібыта такая і ёсьць, але пра яе былі толькі ўступныя перамовы.

А хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2-3 спэктаклі на месяц. Ня ведаю, будуць людзі зьбірацца ці ня будуць. Ну і гастрольную гісторыю прадумаць, паезьдзіць, пайграць.

«Людзі-гусі-лебедзі»
«Людзі-гусі-лебедзі»

Бо гэта ня справа, што «Сфагнум» мы сыгралі толькі адзін раз і сядзім ужо паўтара месяца, нічога не адбываецца. «Гусі-людзі-лебедзі» мы сыгралі разы 4 на выезьдзе пасьля прэм’еры ў Любліне. Каб спэктакль жыў, трэба яго часьцей выконваць. Бо спэктакль «Дзяды» мы паказалі толькі адзін раз год таму ў Любліне, якраз у лютым мінулага году. Год прайшоў, і калі яго аднаўляць, гэта як пачынаць яго наноў ставіць.

— Былы дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка кажа, што вам неабходна зарэгістраваць фундацыю, лягчэй будзе знайсьці сталую пляцоўку. Тады пад гэта можна фінансаваньне шукаць, на квітках зарабляць. На вашу думку, які лепшы шлях, як арганізаваць больш-менш стабільную працу?

— Стварэньне фундацыі ці таварыства ня вырашыць нашых праблем. Сталая праца будзе, калі мы будзем стала граць на нейкай пляцоўцы ці нават на некалькіх, будзем мець гастрольныя пляны. Мы вядзём перамовы з рознымі людзьмі. Але пакуль усё вельмі спарадычна.

«У нас больш блізкія стаяць задачы: выжываньне»

— І былы ваш дырэктар Павал Латушка, і старшыня Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін кажуць, што яны вас пастаянна кансультуюць, дапамагаюць парадамі.

— З Будкіным, з Латушкам мы размаўлялі. Я сам нарадзіўся ў «краіне саветаў». Мне ня трэба парадаў. Дапамажыце матэрыяльна, як казаў герой Ільфа і Пятрова Бэндэр. У нас больш блізкія стаяць задачы — па выжываньні. Стратэгічна мы як-небудзь будзем разьвівацца. Спадзяюся, Павал Паўлавіч нам дапаможа. Мы зь ім мелі размову нядаўна, ён выказвае гатоўнасьць. Але для гэтага сапраўды трэба нейкае юрыдычнае аблічча. Я думаю, гэта мы вырашым.

— Вы сказалі, што размова ідзе пра выжываньне. Ведаю, што вашы калегі-акторы пагаджаюцца на любыя падпрацоўкі, некаторыя нават таксоўцамі працуюць.

— Так. Ня буду называць прозьвішчаў, але гэта праўда. Калі творца падпрацоўвае таксоўцам, сеў за стырно, ён павінен заплаціць за арэндную машыну 800 злотых у тыдзень ды яшчэ на сябе зарабіць. І калі ён круціць баранку па 10–12 гадзін, застаюцца сілы, каб дайсьці да дому і легчы спаць. І ні пра якую творчасьць, ні пра якае «ўжываньне ў вобраз» гаворкі не ідзе.

«Пакуль мы ў дарозе»

— А колькі вас тут? Колькі купалаўцаў адважыліся на пераезд?

Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

— Паўтара тузіна, 17-18 чалавек. Хто мог, прыехаў. У астатніх праблемы. Хтосьці ня можа адважыцца на такі крок — пераехаць, у кагосьці асабістыя, сямейныя праблемы. Ну і, мы ж ня маем магчымасьці запрасіць людзей сюды, бо таксама кожны займаецца асабістым выжываньнем. Калі б у нас быў дом, куды б можна было запрасіць людзей і гарантаваць, што хаця б на першы час у іх будзе дзе жыць і будзе нейкая праца, мяркую, да нас далучыліся б яшчэ калегі. Але нічога ім гарантаваць мы ня можам. Пакуль мажлівасьці такой няма.

— На афішах вашых спэктакляў я бачыла ўжо і незнаёмыя польскія прозьвішчы. Да трупы «Купалаўцаў» далучаюцца іншыя людзі?

— Мастачку мы ўжо тут знайшлі — Аляксандру Канарскую. Пазнаёміліся зь ёю пры падрыхтоўцы «Дзядоў». І яна з намі тры спэктаклі і зрабіла (акрамя «Рамантыкі»). Знайшлі тут гукарэжысэрку, але яна ня полька, яна беларуска, якая пераехала ў Польшчу. Тут да нас далучыўся Мікалай Стонька. Абрастаем новымі людзьмі.

У Любліне мы супрацоўнічалі з рэжысэрам Паўлам Пасіні і Цэнтрам культуры — выпусьцілі спэктакль «Дзяды» летась у лютым. Потым супрацоўнічалі з Тэатральным інстытутам і тэатрам Юльюша Астэрвы і выпусьцілі «Гусі-людзі-лебедзі». У Варшаве мы супрацоўнічалі з Тэатрам польскім — паставілі «Рамантыку». Яны нас моцна падтрымалі цягам двух месяцаў. Прычым Мікалай Пінігін зрабіў дзьве пастаноўкі — з намі, «Купалаўцамі», і з польскай трупай. Можа і працягнецца супраца, калі будзе фінансаваньне. Бо яны самі ледзьве выжываюць.

«Сфагнум» мы гралі на сцэне Драматычнага тэатру. У іх дзьве сцэны. Адна ў «высотцы» Палаца культуры і навукі. А мы гралі на другой іхнай сцэне «Перадавік» на Макотаве (раён Варшавы. — РС). Палякі сумняваліся, што мы прадамо білеты. Квіткі разышліся за паўдня. І яны былі ўражаныя. Пасьля таго, як «Сфагнум» мы сыгралі, прапанавалі супрацоўніцтва. Мы нават пакінулі там частку касьцюмаў і рэквізыту. Як далей складзецца, невядома, пакуль ня надта справа рухаецца.

— Штосьці я ня чую ў вашым голасе аптымізму...

— Пакуль мы ў дарозе. Аптымізм зьявіцца, калі будзе адчуваньне, што можна нейкія плады пажынаць. А пакуль мы засяроджаныя, каб хоць кудысьці рухацца, а не сядзець на месцы.

Будзем падаваць заяўку ў Беларускую раду культуры, якая абвясьціла конкурс на гранты Эўракамісіі.

«Нарадзіўшыся ў Беларусі, я ідэнтыфікую сябе як беларус»

— Як вам жывецца ў Варшаве? Прызвычаіліся? Колькі вы ўжо тут?

Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

— Польшча для мяне даволі блізкая краіна. Я з 2008 году супрацоўнічаў зь «Белсатам», прыяжджаў сюды штомесяц і нават часьцей. Я ўжо прызвычаіўся да Польшчы, «прышчэплены» Польшчай. І моўны бар’ер пераадолены.

Але да падзей 2020 году я ніколі ня думаў сюды пераяжджаць, «даставаць» свае польскія карані. Я і раней мог зрабіць «карту паляка», але ўсё ж лічу, што, нарадзіўшыся ў Беларусі, я ідэнтыфікую сябе як беларус. Пры тым, што ў мяне розныя карані ёсьць: і беларускія, і польскія, і ўкраінскія, і нават расейскія.

Я ж сюды не адразу пераехаў: не ў 2020-м пасьля пратэстаў, а толькі пражыўшы амаль увесь 2021 год у Беларусі. Прыляталі розныя весткі, што будуць браць удзельнікаў пратэстаў, што белсатаўцаў будуць браць. Так сабе было адчуваньне... Я маральна рыхтаваўся да ад’езду, бо хацеў нармальна дыхаць. Не азірацца. У свае 50+ хацелася б засяродзіцца на іншых рэчах, а не чакаць грукату ў дзьверы.

Калі зьявілася нагода, зьехаў. Паспрыяла тое, што на месяц у нас была агульная рэзыдэнцыя купалаўская ў Польшчы, потым супраца з польскім Новым тэатрам, потым «Дзяды». Я разумеў, што нейкая праца будзе і я змагу сябе забясьпечыць. Зьехаў у лістападзе 2021 году.

Цяпер пэрспэктывы не такія ясныя, як у час, калі я сюды пераяжджаў. Але, спадзяюся, усё вырашыцца. Імпэт у нас ёсьць, пляны, што рабіць, ёсьць. Пакуль ня буду гаварыць пра гэта. Каб не сурочыць.

«Тэатар — гэта ня сьцены, тэатар — гэта людзі»


— Летам 2020-га «Купалаўцы» рыхтаваліся да 100-годзьдзя, гледачы чакалі новых прэм’ер, таго ж «Шагала» ў 20-х днях 2020-га. Але трупа вырашыла звольніцца амаль у поўным складзе. Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў, які нядаўна загінуў, назваў «дэмарш» купалаўцаў галоўнай падзеяй у гісторыі беларускага тэатру. Не шкадуеце, што тады так зрабілі? Ці ёсьць настальгія, сум па тым Купалаўскім тэатры? Ці шчыміць?

— Я таксама чытаў гэтае інтэрвію. І для мяне гэтыя радкі пра Купалаўскі было чытаць вельмі прыемна. Значыць, мы зрабілі ўсё правільна. Словы Аляксея былі яшчэ адным пацьверджаньнем, што мы ўсё зрабілі так, як мае быць.

А ў тым, што мы туды вернемся, у мяне сумневаў няма. Наша задача цяпер — захавацца. Захавацца і, можа, яшчэ крыху вырасьці. Я думаю, што так яно і будзе. Гэта ўсё ня вечнае. Так бывае, што зьяжджаеш на пэўны час. Але мы лічым сябе купалаўцамі. Мы і калі сыходзілі, гаварылі, што тэатар — гэта ня сьцены, тэатар — гэта людзі. Людзі ёсьць. Так што, думаю, мы працягнем сваю справу.

«Цяпер у беларускіх тэатрах можа ісьці толькі забаўляльны і апалітычны кантэнт»

— Ці сочыце дзеля цікавасьці за тэатральным жыцьцём у Беларусі? За тым, што адбываецца ў Купалаўскім?

Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

— Да мяне даляталі такія зьвесткі, што ў Купалаўскі тэатар расейцаў набралі і яны вучаць беларускую мову. У нас таксама было некалькі расейцаў. Адзін быў вельмі адметны — Павал Кармунін, душэўны, шчыры чалавек, актор самавіты. Ён вучыў мову, ролі, іграў, быў адным з найлепшых купалаўцаў. І такое можа быць. Але гэта не ў прамысловых маштабах — калі завозяць людзей, вучаць іх мове. Добра, што тыя, хто застаўся, разумеюць, што Купалаўскі — гэта найперш беларуская мова. І не дазваляюць пераступіць тую рысу.

Паглядзеў рэпэртуар спэктакляў магілёўскага міжнароднага тэатральнага форуму «Mart-kontakt». І ўбачыў «Мікітаў лапаць» — відаць, са сьвежых спэктакляў Тэатру-студыі кінаактора. Усьміхнуўся. Гэта два вадэвілі, якія даўным-даўно ішлі на сцэне Купалаўскага: «Ажаніцца — не журыцца» і «Мікітаў лапаць». Я гэтага Мікіту граў гадоў 10! Гэта далёка ня новая драматургія. Пацьвердзілася мая думка, што цяпер у беларускіх тэатрах можа ісьці толькі забаўляльны і апалітычны кантэнт. Хоць часам некаторыя ўмудраюцца і агульначалавечыя каштоўнасьці праносіць. Ведаю, што «Пачупкі» ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — вельмі добры спэктакль.

— У вас, акрамя тэатру, ёсьць іншыя праекты — агучваньне кніг, прычым вельмі розных: клясыка («Дзікае паляваньне»), Оруэл, кніга філёзафа Ўладзімера Мацкевіча. Самі выбіраеце, што агучваць?

— Оруэла мы зрабілі на сваю ўласную ахвоту, як бы для сябе. А пазьней пачалі прылятаць замовы. Як высьветлілася, аўдыёфармат запатрабаваны. «Віню-Пыха» мы начыталі досыць забаўна.

Хутка зьявіцца яшчэ пару кніг: начытаў я яшчэ аднаго Бахарэвіча і Кафку. Запрашаюць часам нейкае кіно агучыць, і аўтарскае, і за кадрам, папрацавалі на адну сусьветную кантору, агучылі сэрыялы для іх.

— А што з расейскімі сэрыяламі? Раней вы, мабыць, спаборнічалі з Паўлам Харланчуком, хто ў большай колькасьці іх зьняўся.

— Знаходзячыся тут, я фізычна не змагу здымацца ў расейскіх сэрыялах, а пасьля 24 лютага я гэтага наагул ня буду рабіць. Я ведаю, што перад калегамі, якія прыяжджаюць зь Беларусі і вяртаюцца, паўстае гэтая маральная дылема. Іх запрашаюць — людзі вагаюцца. Адзін з аргумэнтаў, якімі іх спрабуюць прывабіць: «Ну што вы, у нас ніякай палітыкі, у нас проста пра людзей». Я таксама раней здымаўся ў фільмах «проста пра людзей». Цяпер, калі гэта будзе ўваходзіць у дысананс з маімі маральнымі арыентырамі, хутчэй за ўсё, я адмоўлюся. Не кажу, што на 100%, але на 98%. Можа, нейкія абставіны мяне і змогуць схіліць, але наўрад ці.

Дарэчы, «Белсат» здымае міні-сэрыял, фантасмагарычныя навэлы. Праект Андрэя Касперскага і Міхася Зуя. Адна сэрыя ўжо выйшла, называецца «Ператрымка». Там здымаюцца купалаўцы. І ўкраінскі актор Алег Абярыхін да нас далучыўся. Тое, што зрабілі, мне вельмі падабаецца.

«Лукашэнка ўжо не самастойны. Ён ужо нічога не вырашае»

— Мы з вамі размаўлялі летам 2020 году, яшчэ да выбараў, пратэстаў. Але рэпрэсіі ўжо пачаліся. Вы тады параўналі Лукашэнку зь Людовікам XIV, «каралём-сонцам», які кіраваў Францыяй 72 гады. Усё працягваецца. З кім цяпер вы б яго параўналі?

— Я паглядзеў архіўныя кадры, калі Чаўшэску ў канцы 1980-х прылятаў у Зымбабвэ. Яны вельмі падобныя да сучасных з Лукашэнкам: і партрэты прэзыдэнтаў на грудзях, і вянкі — нічога не зьмянілася. Напрошваецца паралель.

— На вашу думку, ці можа Беларусь увязацца ў вайну?

— Рэч у тым, што Лукашэнка ўжо не самастойны. Ён ужо нічога не вырашае, і гэта разумеюць нават тыя, каторыя зь ім. І калі яго досыць прыціснуць, то... вельмі балюча гэта казаць, але ўсё можа быць. Адзінае, што перашкаджае расейцам даць такі загад, — яны самі ня ўпэўненыя, як павядуць сябе беларусы, якім дадуць у рукі зброю.

Ва ўсе часы ў Беларусі была вялікая колькасьць людзей, якая прагнула волі. У 1812 годзе палова беларусаў была на баку Напалеона, а палова на баку Расейскай імпэрыі. Але гэта паказальна. На жаль, Беларусь так і вынішчалася. Бо мы на такім разломе знаходзімся: палова «ябацек», а палова «змагароў». Калі Беларусь будзе ўцягнутая, то гэта ўсё паўторыцца, на жаль. Вельмі б хацелася, каб гэтага не адбылося.

Яшчэ скажу, што тыя, хто за волю, яны больш матываваныя і больш свабодныя.

А Расея цяпер вельмі моцна аслабла. Але паранены драпежнік яшчэ больш небясьпечны. Імпэрыі разбураюцца, і расейскай імпэрыі хутка ня будзе.

«Многія з нас вернуцца. Але пытаньне, ці захочуць людзі застацца»

— А ці ёсьць надзея, што людзі, якія зьехалі, калі-небудзь вернуцца ў Беларусь?

Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

— Мы ўсе бачым, у якім стане Лукашэнка: мы яго перажывём. Будуць перамены. Многія з нас вернуцца. Але пытаньне, ці захочацца людзям застацца. Калі пабачаць, што Беларусь здолела стаць прывабнай, што там свабодна, бясьпечна, што там магчыма ладзіць нейкія стартапы, з нуля пачынаць нейкую справу — то гэта было б найлепшае разьвязаньне. Я веру, што мы зможам вярнуцца. Але ці захочам мы гэта рабіць?

З аптымістычнага — хутка вясна. Настрой павінен зьмяніцца. У людзей будзе больш аптымізму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG