У Інстытуце вывучэньня вайны расказалі, навошта Расеі старшынёўства ў СНД і ці гатовы Пуцін да перамоў з Украінай

Вынікі ракетнага ўдару Расеі па Кіеве, 2 студзеня 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты ISW мяркуюць, што Ўладзімір Пуцін разглядае сваю вайну ва Ўкраіне як барацьбу Расеі супраць Захаду.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расея будзе выкарыстоўваць старшынёўства ў СНД і БРІКС (міждзяржаўнае аб’яднаньне пяці краін: Бразыліі, Расеі, Індыі, Кітаю і ПАР, абрэвіятура ўтворана з пачатковых літар у назвах гэтых дзяржаў) для аднаўленьня канцэпцыі «русского мира» як асновы ўнутранай і вонкавай палітыкі Крамля.

«Пуцін [...] працуе над стварэньнем міжнароднага парадку праз такія арганізацыі, як БРІКС і СНД, якія будуць ахвотна прымаць расейскія прынцыпы, уключаючы заяўленае права Крамля валодаць Украінай», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 2 студзеня.

Кіраўнік Расеі заявіў, што расшырэньне БРІКС сьведчыць аб прыцягваньні краін «аднадумцаў», якія паважаюць сувэрэнную роўнасьць і жадаюць шматпалярнага міжнароднага парадку.

Экспэрты зьвярнулі ўвагу на такія прыярытэты, якія ўрад Расеі вызначыў для свайго старшынёўства ў СНД, як пашырэньне вайсковага супрацоўніцтва, ухіленьне ад санкцый і супольнае «вайскова-патрыятычнае выхаваньне і папулярызацыю агульных духоўна-маральных каштоўнасьцяў».

«Акцэнт Расеі на неакрэсьленых „агульных духоўных і маральных каштоўнасьцях“ у СНД ідзе ўсьлед за акцэнтам Пуціна ў яго штогадовым навагоднім звароце на такіх ідэалягічных канцэпцыях, як расейскі „шматнацыяналізм“ і сямейныя каштоўнасьці, якія ўпісваюцца ў яго шырокую ідэалёгію „русского мира“», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка ЗША ацаніла, што Расея на вайне ва Ўкраіне страціла 315 тысяч салдатаў

«Пуцін патрабуе перамоў не з Украінай, а з Захадам»

Экспэрты ISW мяркуюць, што Пуцін разглядае сваю вайну ва Ўкраіне як барацьбу Расеі супраць Захаду, дэманструе адсутнасьць намеру добрасумленна весьці перамовы з Украінай і ставіць інфармацыйныя ўмовы, каб пераканаць Захад прымусіць Украіну да перамоў.

Паводле экспэртаў, Пуцін не зацікаўлены весьці перамовы з Украінай як зь незалежным суб’ектам. «Любое абавязаньн Захаду весьці перамовы аб будучыні Ўкраіны ў абыход Украіны будзе сыгналам, што Расея можа навязваць сваю волю краінам, якія, на яе думку, знаходзяцца ў сфэры яе ўплыву — нават краінам за межамі Ўкраіны, і патэнцыйна ўключаючы Фінляндыю і Малдову», — адзначаецца ў справаздачы.

«Магчыма, Пуцін пашырае свае вайсковыя мэты ва Ўкраіне, каб уключыць канфрантацыю з Захадам, стварыць умовы для пастаяннага нарошчваньня расейскай арміі і апраўдаць вялікія ахвяры на полі бою», — мяркуюць экспэрты.

Паводле іх, вялікія страты на поле бою ва Ўкраіне падштурхоўваюць Уладзіміра Пуціна шукаць моцнае ідэалягічнае абгрунтаваньне для працягу доўгай вайны. У якасьці прыкладу экспэрты прывялі ягонае выказваньне ў часе сустрэчы з параненымі расейскімі вайскоўцамі, калі ён сказаў, вайсковец атрымаў раненьне не для таго, каб Расея ўсё кінула і здалася.

«Украіне не патрэбны такія скажоныя апраўданьні вялікіх страт і пакут, якія прынесла яе народу ўварваньне, нават калі ваенныя дзеяньні Ўкраіны не прыносяць жаданых вынікаў. Для Ўкраіны вайна сапраўды экзістэнцыяльная», — рэзюмавалі экспэрты ISW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новая ракетная атака Расеі на Ўкраіну. У Кіеве і Харкаве ёсьць пацярпелыя і загінулыя. ФОТА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.