Расея абстраляла большую частку тэрыторыі Ўкраіны. Гэта найбуйнейшая атака за апошнія некалькі месяцаў

Вынікі расейскіх удараў дронамі па Кіеве, архіўнае фота

Пад абстрэлам – Кіеў, Дніпро, Запарожжа, Харкаў, Львоў, Сумская вобласьць. Папярэдне, 23 чалавекі загінулі і 132 атрымалі раненьні.

Расея абстрэльвае большую частку тэрыторыі Ўкраіны. Гэта найбуйнейшая атака за апошнія некалькі месяцаў.

Расея з ночы пачала наймацнейшую за апошнія некалькі месяцаў атаку супраць Украіны. Пад абстрэлам – Кіеў, Дніпро, Запарожжа, Харкаў, Львоў, Сумская вобласьць.

Вядома, што толькі па адным Харкаве расейцы запусьцілі 22 ракеты.

У Кіеве шмат пашкоджаньняў, ёсьць пацярпелыя

У Кіеве пад абстрэлам апынуліся чатыры раёны: тры ў цэнтры (Падольскі, Шаўчэнкаўскі і Сьвятошынскі) і адзін на левым беразе Дняпра (Дарніцкі).

Найбольш параненых у Падольскім раёне, дзе пасьля абстрэлу складу на 3 тысячах квадратных мэтраў пачаўся пажар. Экстраныя службы намагаюцца выратаваць пацярпелых.

Паводле мэра Кіева Віталя Клічко, папярэдне вядома пра 28 параненых (іх шпіталізавалі), тры чалавекі загінулі. Выратавальнікі шукаюць пад заваламі людзей.

Пашкоджаньні атрымаў будынак станцыі мэтро «Лук’янаўская», у іншых раёнах пацярпелі адзін недабудаваны і адзін заселены жылыя дамы.

Харкаў абстрэльвалі ракетамі С-300

У Харкаве загінулі тры чалавекі і 13 атрымалі раненьні.

Расея абстрэльвала горад у дзьве хвалі. У выніку абстрэлаў у горадзе зьнішчаныя і пашкоджаныя складзкія і вытворчыя памяшканьні, транспартнае дэпо. Адна ракета ўпала на тэрыторыю лякарні хуткай дапамогі, пашкоджаньні атрымаў аўтамабіль хуткай дапамогі.

Адначасова авіяцыйным ударам па абласным цэнтры расейцы інтэнсіўна абстрэльвалі з артылерыі больш за 15 населеных пунктаў вобласьці.

У Дніпры пашкоджаньні атрымаў радзільны дом

Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі, што, паводле папярэдніх ацэнак, у выніку ўдару па Дніпры пашкоджаньні атрымалі гандлёвы цэнтар, адзін прыватны і адзін шасьціпавярховы дом, а таксама радзільня.

Папярэдне, раненьні атрымалі 15 чалавек, чатыры загінулі.

У Львове абстралялі сацыяльную і жылую інфраструктуру

У Львове, як паведаміў мэр горада Андрэй Садавы, у выніку падзеньня аскепкаў дрона пашкоджаны аб’ект крытычнай інфраструктуры. Ёсьць пацэльваньні ракетамі ў жылыя дамы, пашкоджаньні атрымалі тры школы і адзін дзіцячы садок.

Улады паведамілі аб адным загінулым, 15 чалавек атрымалі раненьні.

У Адэсе двое загінулі і 15 атрымалі раненьні

Паводле ўладаў, сярод параненых двое дзяцей ва ўзросьце 6 і 8 гадоў.

Расейцы ўначы атакавалі Адэсу дронамі, а раніцай – ракетамі. Пад абстрэл трапілі жылыя дамы.

У рэгіёне ад абстрэлу пацярпеў закансэрваваны інфраструктурны аб’ект.

У Запарожжы пад абстрэлам жылы сэктар і прамысловасьць

Папярэдне ў Запарожжы загінуў адзін чалавек і 10 атрымалі раненьні. Расея наносіла ўдары па жылым сэктары і прадпрыемствах гораду.

Адна з ракет ударыла ў адкрытую мясцовасць, яшчэ адна зьнішчыла прыватны дом. Ад выбухавай хвалі пацярпела некалькі шматпавярховых будынкаў.

Улады ўдакладняюць маштабы руйнаваньняў. Папярэдне 4 чалавекі загінулі, 12 атрымалі раненьні.

Расея запусьціла па Ўкраіне 110 ракет

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея атакавала ўсім, што мае ў сваім арсэнале.

«„Кінжалы“, С-300, крылатыя ракеты, бесьпілётнікі. Стратэгічныя бамбавальнікі запускалі Х-101/Х-505. Прыблізна 110 ракет запусьцілі, большую частку зьбілі», – паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт выказаў спачуваньні сваякам і блізкім загінулых.

«Ма абавязкова адкажам тэрарыстам на іхныя ўдары. І мы будзем змагацца, каб гарантаваць бясьпеку сваёй краіне, кожнаму гораду, усяму нашаму народу. Расейскі тэрор павінен прайграць. Менавіта так і будзе», – заявіў прэзыдэнт Украіны.

Пазьней у апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны ўдакладнілі, што сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі 114 са 158 паветраных цэляў, у тым ліку 87 ракет і 27 дронаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі пацьвердзіла, што расейскі дэсантны карабель «Новачаркаск» зьнішчаны цалкам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі аб трох зьбітых расейскіх самалётах Су-34, у Расеі не камэнтуюць

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.