Пасьля зьяўленьня першай інфармацыі пра ператрусы ў сяброў Каардынацыйнай рады падрабязнасьці ініцыяванай уладамі справы расказалі ў Сьледчым камітэце.
Сілавікі заявілі, што ў справе аб «радыкальных ячэйках», якія імкнуліся «захапіць дзяржаўную ўладу» ў Беларусі, ёсьць новыя імёны, якіх сьледзтва раней ня ведала. Агулам колькасьць падазраваных перавысіла 100 чалавек. Гэтыя людзі выехалі за мяжу.
Сьпіс асобаў нібыта перадаў СК адзін з колішніх сяброў Каардынацыйнай рады, які прыехаў назад у Беларусь з дапамогай так званай Камісіі па вяртаньні. Гэты чалавек быццам бы «раскаяўся ў злачынствах» і назваў сілавікам усіх, хто мае дачыненьне да Каардынацыйнай рады.
Гэтым СК патлумачыў шэраг ператрусаў, якія прайшлі ў Менску і іншых месцах краіны 28 лістапада. Цяпер сілавікі высьвятляюць, якую маёмасьць, у тым ліку нерухомасьць, яшчэ маюць на радзіме фігуранты справы. На яе накладуць арышт.
«З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытаньне аб запуску працэдуры спэцыяльнага вядзеньня для забесьпячэньня прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня і кампэнсацыі шкоды, прычыненай злачыннымі дзеяньнямі», — піша Сьледчы камітэт.
У верасьні на праўладным канале выйшаў сюжэт пра былога ўдзельніка Каардынацыйнай рады Аляксандра Піпкіна, які вярнуўся ў Беларусь пасьля звароту ў «камісію па памілаваньні».
У прэс-службе Каардынацыйнай рады заявілі, што праводзяць вэрыфікацыю сяброў КР, каб спраўдзіць інфармацыю СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Адных пакараць, другіх запалохаць. Што стаіць за новай спэцапэрацыяй улады супраць Каардынацыйнай радыПератрусы 28 лістапада
У Менску 28 лістапада адбыўся шэраг ператрусаў у людзей, зьвязаных з Каардынацыйнай радай. ГУБАЗіК правёў ператрус у аналітыка і сябра КР Сяргея Чалага, піша «Вясна». Сяргей Чалы знаходзіцца ў эміграцыі.
Фатаздымкі пасьля ператрусу апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Ператрус адбыўся і дома ў Паўла Латушкі ды іншых сяброў каманды «НАУ».
Тэлеграм-канал ГУБАЗіК апублікаваў фатаздымкі зь ператрусу ў кватэры прэс-сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай, якая таксама знаходзіцца за мяжой.
Ператрус таксама адбыўся ў аднаго з прадстаўнікоў Народных амбасадаў Беларусі і дэлегата Каардынацыйнай рады ад суполкі «Беларусы замежжа» Міхаіла Таўбэ, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, некалькі гадзінаў працягваўся ператрус у праваабаронцы Рамана Кісляка, які ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады. Пасьля ператрусу арыштавалі маёмасьць.
«Сёньня а 6-й раніцы ў дом, дзе я жыў да ад’езду і дзе прапісаны, прыйшлі нейкія людзі ў форме. Мяркую, гэта былі прадстаўнікі СК з супрацоўнікамі МУС. Яны правялі вобшук, канфіскавалі дакумэнты, тэчкі, арыштавалі частку дома, якая мне належыць, і тэхніку, якая заставалася пасьля майго ад’езду ў 2021 годзе», — расказаў Кісьляк выданьню «Позірк».
Паводле праваабаронцы, агулам у межах «справы Каардынацыйнай рады» правялі больш за 10 ператрусаў, фігурантамі зьяўляюцца чальцы арганізацыі, але, магчыма, падазраваных будзе яшчэ больш.
Пра ператрус паведаміў у сацсетках таксама Сяргей Марцалеў, які 13 лістапада заявіў аб выхадзе са складу КР.
У чым абвінавачваюць сяброў Каардынацыйнай рады?
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што сілавікі прыходзяць да людзей, нібыта зьвязаных з КР, з пастановамі на ператрус паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
- змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
- заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
- фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-2 КК);
- садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская пра «справу Каардынацыйнай рады»: Гэта адна з самых маштабных і барбарскіх атак рэжыму з 2021 годуКрасуліна: «Такія пагромы — сьведчаньне слабасьці і набліжэньня канца рэжыму»
Прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна ў размове з Радыё Свабода прызнала, што ператрус адбыўся ў яе менскай кватэры. Але ёй улады пра гэта ніяк не паведамілі, яна прачытала і пабачыла здымкі пасьля ператрусу ў СМІ:
«Гэта паказвае, што ў рэжыму ніякіх іншых інструмэнтаў няма — толькі вось такія акцыі і рэпрэсіі. Ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльным жыцьці, ні ў палітыцы — ні ва ўнутраным, ні ў зьнешнім. Нічога іншага з магчымасьцяў у яго не засталося. Адзіная прылада — дубінка. А ёю нічога не створыш, толькі разбурыш.
Але самае цікавае — гэта паказвае, што рэжым сам ведае — хаця б на ўзроўні падсьвядомасьці, — што яго час заканчваецца. Так што падобныя пагромы — гэта сьведчаньне яго слабасьці і набліжэньня канца».
Андрэй Ягораў: «Заклікаем грамадзян у Беларусі ставіць у прыярытэт сваю бясьпеку»
З нагоды сэрыі ператрусаў у людзей, якіх Сьледчы камітэт і Генэральная пракуратура падазраюць у датычнасьці да Каардынацыйнай рады, старшыня рады Андрэй Ягораў зрабіў заяву.
«Сёньняшнія падзеі ў Беларусі — яўнае парушэньне асноўных правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў. Мы заклікаем міжнародную супольнасьць падтрымаць Каардынацыйную раду ў барацьбе за аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.
Лукашэнка баіцца сумленных выбараў, пабудовы альтэрнатыўных інстытутаў улады. Дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў і будучыні нашай краіны маючых адбыцца выбараў у Каардынацыйную раду. Супрацьпастаўляючы сябе дэмакратыі, Лукашэнка паказвае, што ягоныя так званыя выбары — гэта толькі пастаноўка, дзе няма месца справядлівасьці, законнасьці і рэальнаму волевыяўленьню».
Каардынацыйная рада заклікала грамадзян у Беларусі ставіць у прыярытэт сваю бясьпеку, але ўдзельнічаць у будучых выбарах у новы склад Рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Каардынацыйнай радзе зьявілася фэмінісцкая фракцыяПавал Латушка: «Ператрусы не паўплываюць на дзейнасьць НАУ»
Як запэўнівае кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка, ягоная каманда зьбіраецца і далей сыстэмна і мэтанакіравана дамагацца прыцягненьня Лукашэнкі і памагатых да адказнасьці за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў.
Палітык канстатуе: рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіяў. На ягоную думку, гэта сьведчыць аб тым, што беларускія дэмакратычныя сілы маюць моц.
«Калі б мы былі слабыя, то навошта было б рэжыму тады атакаваць нас, нашых блізкіх, нашых родных? — зазначае Латушка. — І гэта яшчэ раз паказвае жудасную сутнасьць гэтага рэжыму, які проста выкарыстоўвае практыку сталінскіх рэпрэсіяў 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але ж мы ведаем, што гісторыя зьмяняецца. Я перакананы ў тым, што перамога будзе за намі».
Ціханоўская: Гэта адна з самых маштабных і барбарскіх атак рэжыму з 2021 году
«Рэжым вядзе сапраўднае паляваньне на беларусаў, якія кожны дзень працуюць дзеля пераменаў у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Але тады, паводле лёгікі рэжыму, у Беларусі кожны трэці — тэрарыст і злачынец», — цытуе Ціханоўскую яе прэсавая служба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Завочную» крымінальную справу супраць 6 удзельнікаў ByPol перадалі ў суд. Азараву пагражае сьмяротны вырак