Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных пакараць, другіх запалохаць. Што стаіць за новай спэцапэрацыяй улады супраць Каардынацыйнай рады


Ператрусы ў сябраў Каардынацыйнай Рады ў Менску. Каляж
Ператрусы ў сябраў Каардынацыйнай Рады ў Менску. Каляж

28 лістапада ў Менску і іншых рэгіёнах Беларусі «сілавікі» правялі шэраг ператрусаў па адрасах асобаў, зьвязаных з Каардынацыйнай радай (КР) і «Народным антыкрызісным ўпраўленьнем» (НАУ).

Сьледчы камітэт выступіў з заявай, у якой патлумачыў, што ў гэтай справе праходзяць больш за 100 падазраваных. Нібыта адзін з удзельнікаў пратэстаў вярнуўся ў Беларусь, прывёз сьпісы чальцоў гэтай структуры, і на гэтай падставе ў Сьледчага камітэту зьявіліся новыя фігуранты. З чым насамрэч зьвязана чарговая атака ўладаў на палітычных апанэнтаў?


Сьцісла

  • Адбываецца руцінны працэс паглыбленьня і пашырэньня палітычных рэпрэсій.
  • Новымі ператрусамі рэжым паказвае, што дзейнасьць палітычных структур дэмакратычнай апазыцыі за мяжой нясе для ўладаў небясьпеку, зь якай трэба змагацца.
  • На задуму апазыцыйных лідэраў, выбары ў Каардынацыйную раду павінны «перабіць» выбарчую кампанію рэжыму.
  • Масавыя ператрусы 28 лістапада, пагрозьлівая заява Сьледчага камітэту — гэта спроба нэўтралізаваць праект апазыцыі адзіным чынам, які даступны і зразумелы рэжыму.



Як можна меркаваць, усе чальцы КР знаходзяцца за мяжой. Ператрусы ладзяцца па месцы рэгістрацыі падазраваных асобаў, каб ацаніць іхную маёмасьць для наступнай канфіскацыі.

З заявы Сьледчага камітэту вынікае, што гаворка ідзе пра першы склад КР, створанай у 2020 годзе падчас пратэстаў.

З чаго раптам зноў прыгадалі справы трохгадовай даўнасьці? Здаецца, усіх асобаў з таго складу КР, хто не пасьпеў выехаць, ужо арыштавалі і пасадзілі. Ня думаю, што ў сілавікоў не было сьпісу таго першага складу Каардынацыйнай рады і ён зьявіўся толькі цяпер. Тут існуюць іншыя чыньнікі.

Найперш тое, што ляжыць на паверхні: адбываецца руцінны працэс паглыбленьня і пашырэньня палітычных рэпрэсій. Проста дайшла чарга і да гэтага.

Тут важна зьвярнуць увагу на тое, што сілавікі прыйшлі па адрасах людзей, якія даўно эмігравалі. І, здавалася б, не нясуць для рэжыму ніякай пагрозы. Але ж не. Успомніце, як часта Аляксандар Лукашэнка згадвае тэму «зьбеглых». Пры любой нагодзе, а часта і без нагоды. Хоць, здавалася б, з гледзішча ўладаў уцяклі — і хай сабе, менш будуць псаваць палітычную атмасфэру. Аднак жа не, чамусьці гэтае пытаньне вельмі моцна баліць. Сёньняшнімі ператрусамі рэжым паказвае, што дзейнасьць палітычных структур дэмакратычнай апазыцыі за мяжой нясе для ўладаў небясьпеку, зь якой трэба змагацца. Гэта для іх пагроза, і яны яе прызнаюць. І ўважліва адсочваюць.

І якраз дзейнасьць Каардынацыйнай рады апазыцыі ў замежжы цяпер на слыху. У гэты момант працуе другі склад КР, а на чарзе выбары ў трэці склад.

Сёньня, калі ўлады рыхтуюцца да адзінага дня галасаваньня, апазыцыя прапанавала альтэрнатыву — выбары ў КР, якія павінны адбыцца ў сакавіку. На задуму апазыцыйных лідэраў, выбары ў Каардынацыйную раду павінны «перабіць» выбарчую кампанію рэжыму. Бо тут павінен быць сапраўдны выбарчы працэс — з канкурэнцыяй, дыскусіяй, справядлівым падлікам галасоў. І гэта цікавей за тую афіцыёзную руціну з загадзя вядомым вынікам, якую ладзяць улады.

Наколькі гэты апазыцыйны праект захопіць вялікую колькасьць грамадзян Беларусі, які ён дасьць палітычны эфэкт у рэальнасьці — гэта іншая справа. Аднак улады ўспрымаюць яго ўсур’ёз.

Таму масавыя ператрусы 28 лістапада, пагрозьлівая заява Сьледчага камітэту — гэта спроба нэўтралізаваць праект апазыцыі адзіным чынам, які даступны і зразумелы рэжыму. Гэта складовая частка выбарчай кампаніі, якую ўлады рэалізоўваюць у выглядзе спэцыяльнай вайсковай апэрацыі.

У гэтай апэрацыі адразу некалькі адрасатаў. Найперш — тыя людзі, якія жывуць у Беларусі, але плянуюць удзельнічаць у выбарах КР. Іх хочуць запалохаць, каб нават ня думалі гэтым займацца. Маўляў, усіх вылічым, здабудзем самыя сакрэтныя сьпісы ўсіх удзельнікаў апазыцыйнага выбарчага працэсу.

Таксама гэта папярэджаньне эмігрантам, якія плянуюць удзельнічаць у выбарах КР ці ў якасьці чальцоў новага складу Каардынацыйнай рады, ці ў якасьці шараговых выбарнікаў. Ім — папярэджаньне. Маўляў, у вас засталіся ў Беларусі родзічы, блізкія ці далёкія, засталася нейкая маёмасьць. І цяпер гэта ўсё пад пагрозай, калі паспрабуеце ўпісацца ў такі палітычны працэс.

Аднак ёсьць вялікі сумнеў, што такімі мэтадамі можна спыніць апазыцыйную дзейнасьць.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG