Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «справе Каардынацыйнай рады» звыш 100 падазраваных. У іх хочуць сканфіскаваць маёмасьць у Беларусі

абноўлена

Сябры Каардынацыйнай рады. Архіўнае фота
Сябры Каардынацыйнай рады. Архіўнае фота

У Каардынацыйнай радзе назвалі ператрусы 28 лістапада ў яе сяброў і крымінальную справу яўным парушэньнем асноўных правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў.

Пасьля зьяўленьня першай інфармацыі пра ператрусы ў сяброў Каардынацыйнай рады падрабязнасьці ініцыяванай уладамі справы расказалі ў Сьледчым камітэце.

Сілавікі заявілі, што ў справе аб «радыкальных ячэйках», якія імкнуліся «захапіць дзяржаўную ўладу» ў Беларусі, ёсьць новыя імёны, якіх сьледзтва раней ня ведала. Агулам колькасьць падазраваных перавысіла 100 чалавек. Гэтыя людзі выехалі за мяжу.

Сьпіс асобаў нібыта перадаў СК адзін з колішніх сяброў Каардынацыйнай рады, які прыехаў назад у Беларусь з дапамогай так званай Камісіі па вяртаньні. Гэты чалавек быццам бы «раскаяўся ў злачынствах» і назваў сілавікам усіх, хто мае дачыненьне да Каардынацыйнай рады.

Гэтым СК патлумачыў шэраг ператрусаў, якія прайшлі ў Менску і іншых месцах краіны 28 лістапада. Цяпер сілавікі высьвятляюць, якую маёмасьць, у тым ліку нерухомасьць, яшчэ маюць на радзіме фігуранты справы. На яе накладуць арышт.

«З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытаньне аб запуску працэдуры спэцыяльнага вядзеньня для забесьпячэньня прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня і кампэнсацыі шкоды, прычыненай злачыннымі дзеяньнямі», — піша Сьледчы камітэт.

У верасьні на праўладным канале выйшаў сюжэт пра былога ўдзельніка Каардынацыйнай рады Аляксандра Піпкіна, які вярнуўся ў Беларусь пасьля звароту ў «камісію па памілаваньні».

У прэс-службе Каардынацыйнай рады заявілі, што праводзяць вэрыфікацыю сяброў КР, каб спраўдзіць інфармацыю СК.

Ператрусы 28 лістапада

У Менску 28 лістапада адбыўся шэраг ператрусаў у людзей, зьвязаных з Каардынацыйнай радай. ГУБАЗіК правёў ператрус у аналітыка і сябра КР Сяргея Чалага, піша «Вясна»​. Сяргей Чалы знаходзіцца ў эміграцыі.

Фатаздымкі пасьля ператрусу апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Ператрус адбыўся і дома ў Паўла Латушкі ды іншых сяброў каманды «НАУ».

Тэлеграм-канал ГУБАЗіК апублікаваў фатаздымкі зь ператрусу ў кватэры прэс-сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай, якая таксама знаходзіцца за мяжой.

Ператрус таксама адбыўся ў аднаго з прадстаўнікоў Народных амбасадаў Беларусі і дэлегата Каардынацыйнай рады ад суполкі «Беларусы замежжа» Міхаіла Таўбэ, паведамляе «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, некалькі гадзінаў працягваўся ператрус у праваабаронцы Рамана Кісляка, які ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады. Пасьля ператрусу арыштавалі маёмасьць.

«Сёньня а 6-й раніцы ў дом, дзе я жыў да ад’езду і дзе прапісаны, прыйшлі нейкія людзі ў форме. Мяркую, гэта былі прадстаўнікі СК з супрацоўнікамі МУС. Яны правялі вобшук, канфіскавалі дакумэнты, тэчкі, арыштавалі частку дома, якая мне належыць, і тэхніку, якая заставалася пасьля майго ад’езду ў 2021 годзе», — расказаў Кісьляк выданьню «Позірк».

Паводле праваабаронцы, агулам у межах «справы Каардынацыйнай рады» правялі больш за 10 ператрусаў, фігурантамі зьяўляюцца чальцы арганізацыі, але, магчыма, падазраваных будзе яшчэ больш.

Пра ператрус паведаміў у сацсетках таксама Сяргей Марцалеў, які 13 лістапада заявіў аб выхадзе са складу КР.

У чым абвінавачваюць сяброў Каардынацыйнай рады?

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што сілавікі прыходзяць да людзей, нібыта зьвязаных з КР, з пастановамі на ператрус паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
  • змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
  • заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
  • фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-2 КК);
  • садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК).

Красуліна: «Такія пагромы — сьведчаньне слабасьці і набліжэньня канца рэжыму»

Прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна ў размове з Радыё Свабода прызнала, што ператрус адбыўся ў яе менскай кватэры. Але ёй улады пра гэта ніяк не паведамілі, яна прачытала і пабачыла здымкі пасьля ператрусу ў СМІ:

«Гэта паказвае, што ў рэжыму ніякіх іншых інструмэнтаў няма — толькі вось такія акцыі і рэпрэсіі. Ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльным жыцьці, ні ў палітыцы — ні ва ўнутраным, ні ў зьнешнім. Нічога іншага з магчымасьцяў у яго не засталося. Адзіная прылада — дубінка. А ёю нічога не створыш, толькі разбурыш.

Але самае цікавае — гэта паказвае, што рэжым сам ведае — хаця б на ўзроўні падсьвядомасьці, — што яго час заканчваецца. Так што падобныя пагромы — гэта сьведчаньне яго слабасьці і набліжэньня канца».

Андрэй Ягораў: «Заклікаем грамадзян у Беларусі ставіць у прыярытэт сваю бясьпеку»

З нагоды сэрыі ператрусаў у людзей, якіх Сьледчы камітэт і Генэральная пракуратура падазраюць у датычнасьці да Каардынацыйнай рады, старшыня рады Андрэй Ягораў зрабіў заяву.

«Сёньняшнія падзеі ў Беларусі — яўнае парушэньне асноўных правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў. Мы заклікаем міжнародную супольнасьць падтрымаць Каардынацыйную раду ў барацьбе за аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.

Лукашэнка баіцца сумленных выбараў, пабудовы альтэрнатыўных інстытутаў улады. Дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў і будучыні нашай краіны маючых адбыцца выбараў у Каардынацыйную раду. Супрацьпастаўляючы сябе дэмакратыі, Лукашэнка паказвае, што ягоныя так званыя выбары — гэта толькі пастаноўка, дзе няма месца справядлівасьці, законнасьці і рэальнаму волевыяўленьню».

Каардынацыйная рада заклікала грамадзян у Беларусі ставіць у прыярытэт сваю бясьпеку, але ўдзельнічаць у будучых выбарах у новы склад Рады.

Павал Латушка: «Ператрусы не паўплываюць на дзейнасьць НАУ»

Як запэўнівае кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка, ягоная каманда зьбіраецца і далей сыстэмна і мэтанакіравана дамагацца прыцягненьня Лукашэнкі і памагатых да адказнасьці за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў.

Палітык канстатуе: рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіяў. На ягоную думку, гэта сьведчыць аб тым, што беларускія дэмакратычныя сілы маюць моц.

«Калі б мы былі слабыя, то навошта было б рэжыму тады атакаваць нас, нашых блізкіх, нашых родных? — зазначае Латушка. — І гэта яшчэ раз паказвае жудасную сутнасьць гэтага рэжыму, які проста выкарыстоўвае практыку сталінскіх рэпрэсіяў 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але ж мы ведаем, што гісторыя зьмяняецца. Я перакананы ў тым, што перамога будзе за намі».

Ціханоўская: Гэта адна з самых маштабных і барбарскіх атак рэжыму з 2021 году

«Рэжым вядзе сапраўднае паляваньне на беларусаў, якія кожны дзень працуюць дзеля пераменаў у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Але тады, паводле лёгікі рэжыму, у Беларусі кожны трэці — тэрарыст і злачынец», — цытуе Ціханоўскую яе прэсавая служба.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG