Адной з «самых маштабных і барбарскіх атак» рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з 2021 году назвала дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская хвалю ператрусаў, праведзеных 28 лістапада ў рамках «справы Каардынацыйнай рады (КР)».
«Рэжым вядзе сапраўднае паляваньне на беларусаў, якія кожны дзень працуюць дзеля пераменаў у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Але тады, паводле лёгікі рэжыму, у Беларусі кожны трэці — тэрарыст і злачынец», — цытуе Ціханоўскую яе прэсавая служба.
Паводле палітыка, Лукашэнка «працягвае ціснуць на ўсіх нас за тое, што, нават знаходзячыся ў выгнаньні, мы ўсё роўна працягваем працу».
«Нас называюць тэрарыстамі, выстаўляюць пагрозай для грамадзтва, бяруць у закладнікі нашых блізкіх. Але сапраўдныя злачынцы — зусім не актывісты ў выгнаньні, а тыя, хто працягвае ператвараць Беларусь у турму. Тыя, хто сілай зьнішчаюць любое іншадумства. Таму я прашу вас паклапаціцца пра сваю бясьпеку і бясьпеку блізкіх. Людзі — нашая галоўная каштоўнасьць», — адзначыла Ціханоўская.
Яна заклікала беларусаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, зьвязацца са сваякамі, якія застаюцца ў краіне: «Патэлефануйце і паспрабуйце іх супакоіць, удакладніць, ці патрэбная ім дапамога. Праверце, ці можаце вы хоць чымсьці дапамагчы тым, хто ўжо трапіў у бяду ці баіцца трапіць. Разам куды лягчэй перамагчы паніку і знайсьці шляхі вырашэньня праблемаў».
«Калі ласка, не забывайце і пра тых, хто ўжо апынуўся за кратамі, і іх сваякоў. Мае дарагія, мы павінны трымацца разам і працягваць працу, каб пакласьці канец гэтай сваволі і прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасьці», — рэзюмавала дэмакратычная лідэрка.
28 лістапада прайшла хваля ператрусаў па месцах беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, зьвязаных з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу.
Вядома, што ператрусы прайшлі ў кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Паўла Латушкі і супрацоўнікаў НАУ, прэсавай сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай, кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, аналітыка, эканаміста Сяргея Чалага, былога кіраўніка арганізацыі «Малады фронт» Артура Фінькевіча, аднаго з прадстаўнікоў народных амбасадаў Беларусі і дэлегата КР ад арганізацыі «Беларусы замежжа» Міхаіла Таўбе.
Сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе ў якасьці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу.