Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшлі ператрусы ў сяброў Каардынацыйнай рады, якія выехалі за мяжу

абноўлена

Дом Паўла Латушкі, 2020 год
Дом Паўла Латушкі, 2020 год

У Менску 28 лістапада адбываюцца ператрусы ў людзей, зьвязаных з Каардынацыйнай радай.

ГУБАЗіК правёў ператрус у аналітыка і сябра КР Сяргея Чалага, піша Вясна. Сяргей Чалы знаходзіцца ў эміграцыі.

Фатаздымкі пасьля ператрусу апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Ператрус адбыўся і дома ў Паўла Латушкі і іншых сяброў каманды НАУ.

Сёньня да родных многіх супрацоўнікаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, а таксама ў кватэры, дзе яны раней жылі, прыйшлі сілавікі з вобшукам.

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу Паўла Латушкі, гэта адбываецца адначасова, масава і датычыцца прадстаўнікоў многіх дэмакратычных сілаў Беларусі.

Таксама ператрус на месцы рэгістрацыі ў Беларусі прайшоў і ў колішняга лідэра «Маладога фронту» Артура Фінькевіча, які ўжо 3 гады як за мяжой.

«Сёньня на адрас маёй рэгістрацыі ў Менску прыходзілі сілавікі. На мяне заведзеныя некалькі крымінальных справаў (... ) [Я] ня жыў на месцы рэгістрацыі каля 9 гадоў, ні рэчаў, ні маёмасьці ў Беларусі ня маю», — напісаў Фінкевіч у фэйсбуку.

Улады хочуць канфіскаваць маёмасьць падазраваных у «справе выбараў у Каардынацыйную Раду». Пра гэта паведаміў Сьледчы камітэт.

«Высьвятляецца наяўнасьць у падазраваных маёмасьці і нерухомасьці на тэрыторыі нашай краіны з мэтай наступнага накладаньня арышту. З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытаньне аб запуску працэдуры спэцыяльнага вядзеньня для забесьпячэньня прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня і кампэнсацыі шкоды, прычыненай злачыннымі дзеяньнямі».

Праваабаронцам вядома, што на маёмасьць людзей, якія праходзяць у гэтай справе, накладаецца арышт.

Праваабаронцы таксама атрымалі інфармацыю, што сілавікі прыходзяць да людзей, нібыта зьвязаных з КР, з пастановамі на ператрус паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
  • змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
  • заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
  • фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-2 КК);
  • садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК).

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG