«Я не магу зрабіць так, каб празь Беларусь не заходзілі». Што Лукашэнка сказаў Зяленскаму праз тэлефон на пачатку вайны

Пра зьмест тэлефонных перамоваў паміж Уладзімірам Зяленскім і Аляксандрам Лукашэнкам увечары першага дня вайны расказаў лідэр правячай партыі Ўкраіны «Слуга народу» Давід Арахамія, які стаў сьведкам той размовы.

Падчас інтэрвію з Давідам Арахаміем на ютуб-канале «Мосейчук+», якое паслухала «Наша Ніва», украінская тэлевядоўца Натальля Масяйчук запытала Давіда Арахамію пра першыя пасьля пачатку вайны тэлефонныя перамовы паміж Зяленскім і Лукашэнкам, якія дапамог арганізаваць скандальна вядомы ўкраінскі дэпутат Шаўчэнка.

Ініцыятарам званка нібыта быў Лукашэнка, і Зяленскі спачатку адмовіўся зь ім размаўляць, але Арахамія, паводле яго слоў, усё роўна паставіў званок на гучную сувязь, каб украінскі прэзыдэнт паслухаў, ці скажа Лукашэнка што-небудзь важнае.

Лукашэнка, паводле Арахаміі, тады сказаў:

«Я не магу зрабіць так, каб яны не карысталіся маёй інфраструктурай, празь Беларусь не заходзілі і не запускалі ракеты. Але я гарантую, што ніводзін беларускі салдат не перасячэ мяжу Ўкраіны».

Арахамія сказаў, што ніхто тады Лукашэнкавым словам не паверыў, але пры гэтым дадаў, што «ён, відаць, дагэтуль трымае сваё абяцаньне».

З таго часу краіны Эўразьвязу і ЗША, а таксама Ўкраіна ўвялі санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.