Улады Беларусі заявілі, што 6 беларускіх грамадзян адмовіліся пакідаць сэктар Газа і ляцець на радзіму

Разбурэньні ў Газе, лістапад 2023

Шасьцёра беларусаў адмовіліся ад эвакуацыйнага рэйсу з Газы праз Каір у Менск. Тым часам у Газе Армія вызваленьня Ізраілю знайшла тунэль ХАМАС, як сьцьвярджаецца, пад буйным шпіталём.

На тэрыторыі сэктару Газа засталіся «каля шасьці беларусаў», якія адмовіліся ад рэйсу на радзіму. Пра гэта ў сюжэце тэлеканалу АНТ заявіў «супрацоўнік КДБ, удзельнік місіі выратаваньня», як падпісалі яго прапагандысты. Імя чалавека не раскрываецца.

«Там засталося каля шасьці беларусаў, якія ня выказалі жаданьня выходзіць з тэрыторыі сэктару Газа з розных прычынаў. У асноўным асабістыя прычыны. Таму тут усе тыя, хто выказаў жаданьне, яны ўсе тут, на борце. І яны, я думаю, ужо радыя, што ляцяць дадому», — сказаў невядомы.

15 лістапада ўлады Беларусі заявілі, што 43 грамадзяніны краіны пакінулі сэктар Газа, і 16 лістапада яны на самалёце авіякампаніі «Белавія» паляцелі ў Беларусь. Аднак тэлеграм-канал MotolkoHelp лічыць, што на рэйсе з Каіру ў Менск агулам ляцелі 44 чалавекі, і толькі 25 былі ўцекачамі, астатнія ж — мэдыкі і псыхолягі з атраду МНС «Зубр», а таксама прапагандысты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

MotolkoHelp: На эвакуацыйным рэйсе з сэктару Газа ў Беларусь прыбылі 25 уцекачоў замест 43, як анансавала МЗС

Ізраіль паказаў тунэль пад шпіталем

Тым часам Ізраіль сьцьвярджае, што знойдзены тунэль пад шпіталем «Аль-Шыфа» ў сэктары Газа, які нібыта прарылі баевікі ХАМАС.

ХАМАС прызнае наяўнасьць сакрэтных тунэляў і бункераў па ўсёй тэрыторыі палестынскага анкляву, але адмаўляе, што яны знаходзяцца пад аб’ектамі цывільнай інфраструктуры. Сусьветная арганізацыя здароўя паведаміла пра эвакуацыю з «Аль-Шыфы» 31 дзіцяці.

Амбасадар Ізраілю ў ЗША Майкл Герцаг заявіў у інтэрвію каналу ABC, што Ізраіль спадзяецца на тое, што здолее вызваліць значную колькасьць закладнікаў у найбліжэйшыя дні. Гэта прывядзе да кароткай паўзы ў баявых дзеяньнях, магчыма, працягласьцю ў пяць дзён.

Імаверна, Герцаг намякае на перамовы, якія вядуцца паміж Ізраілем і ХАМАС пры саўдзеле ЗША. Раней прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу адмаўляў тое, што пагадненьня ўдалося дасягнуць, і заклікаў пачакаць афіцыйных заяваў ізраільскага ўраду пра сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ізраіль, ЗША і ХАМАС дамаўляюцца аб 5-дзённым спыненьні агню і вызваленьне часткі закладнікаў