На форуме сабраліся прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, палітыкі, мэдыя Беларусі і Ўкраіны. Былі дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны, а таксама прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай.
Пры гэтым сам форум прайшоў амаль незаўважна ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Свабода запытала ўкраінскага палітоляга Яўгена Магду і прадстаўніка Аб’ядананага пераходнага кабінэту, кіраўніка ліквідаванага руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, пра што вяліся размовы ў Львове.
Львоў роўнааддалены ад Кіева і Варшавы
Магда падкрэсьліў, што месца сустрэчы было абранае невыпадкова, бо Львоў якраз пасярэдзіне паміж Кіевам і Варшавай (у сталіцы Польшчы цяпер знаходзіцца шмат беларускіх актывістаў і палітыкаў).
«Мы разумеем, што пытаньне лягістыкі для беларускіх калегаў таксама важнае. Львоў у мяне не выклікаў ніякіх сумневаў. Тым больш што Львоўскі каталіцкі ўнівэрсытэт ласкава прыняў нас. Гаварылі пра розныя рэчы. Я скажу, што былі правілы Chatham House, калі нельга канкрэтна цытаваць сьпікераў», — кажа Яўген Магда.
«Можа, асноўная мэта мерапрыемства — гэта прагаворваць балючыя тэмы, якія існуюць між грамадзтвамі Беларусі і Ўкраіны, а таксама далейшыя пэрспэктывы разьвіцьця», — дадае Юрась Губарэвіч.
Пры гэтым палітоляг Магда кажа, што ўдзельнікі мерапрыемства мелі дастаткова шмат магчымасьцяў для дыялёгу, як экспэртнага, гэтак і палітычнага, і для дыялёгу паміж мэдыя. Таксама гаварылі пра становішча беларусаў сёньня ва Ўкраіне.
«Кожны форум — гэта кампраміс між тым, што павінна быць, і тым, што ёсьць насамрэч. Мне, напрыклад, не хапала эканамічнага аспэкту, хоць я разумею, што складана тут гаварыць пра супрацоўніцтва між беларускім грамадзтвам і ўкраінскай дзяржавай. Хоць ёсьць розныя эканамічныя праблемы — заблякаваныя банкаўскія карткі беларусаў, нясплата „грабавых“ для сем’яў загінулых беларускіх ваяроў і іншыя моманты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Наступны ўкраінскі амбасадар будзе ўручаць даверчыя граматы ўжо новаму прэзыдэнту Беларусі, — палітоляг Магда«Праз ільдзінку расейскай прапаганды»
На думку Яўгена Магды, дыялёг сёлета быў дастаткова інтэнсіўны, але пры гэтым і спакайнейшы. Бо на сёньняшні дзень не стаіць пытаньне ўварваньня беларускага войска ва Ўкраіну.
«Я асабіста браў удзел у мэдыйнай панэлі. Мы маем праблему з тым, што дзесяцігодзьдзямі, ад 1991 году, глядзелі адзін на аднаго праз ільдзінку расейскай прапаганды. А цяпер тая ільдзінка нагадвае ўжо сапраўдны айсбэрг. І гэта аб’ектыўная рэальнасьць, нам трэба будзе шукаць сумесныя тэмы і магчымасьці».
Яўген Магда зазначае, што ў беларускіх мэдыя форум быў амаль незаўважны.
«Без інфармацыйнага выхлапу мы проста сыдзем у бурбалкі. Мне здаецца, што ўдзельнікаў форуму ня трэба пераконваць, што між украінцамі і беларусамі патрэбны дыялёг. Але ва Ўкраіне ёсьць высокі працэнт людзей, якія не разумеюць патрэбу такога дыялёгу. Мы маем сотні кілямэтраў сумеснай мяжы — гэта пытаньні і бясьпекі, і эканамічных сувязяў. Калі хочаце, то Беларусь і Ўкраіна маюць стварыць здвоены цэнтар, як у баскетболе, каб супрацьстаяць расейскаму двухгаловаму арлу. Наш адказ на расейскую ідэю трыадзінага народу павінен быць супольны».
Суразмоўца Свабоды лічыць, што найпрасьцейшым шляхам было б больш апавядаць пра лёсы людзей — беларускіх добраахвотнікаў і валянтэраў ва Ўкраіне, пра ўкраінцаў, якія апынуліся ў Беларусі, пра супрацу беларусаў і ўкраінцаў у Польшчы і іншых краінах, калі пачалася вайна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка для Ўкраіны — проста «чалавек з вуліцы», «саўгасны геапалітык», — украінскі палітоляг МагдаІдэя спэцдакладчыка Ўкраіны па Беларусі
Юрась Губарэвіч кажа, што сапраўды між удзельнікамі форуму няма ніякіх супярэчнасьцяў, а вось на побытавым узроўні між беларусамі і ўкраінцамі яны зьяўляюцца.
«Уздымалася пытаньне страчаных шанцаў беларусаў у 2020 годзе, ці могуць яны неяк паўплываць сёньня на рэжым Лукашэнкі. Але ўсё гэта гаварылася ня ў шкоду беларусам», — лічыць Губарэвіч.
Ці сачылі прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў за форумам Астроскага? Вядома, што там былі прадстаўнікі мясцовай львоўскай улады.
«Былі парлямэнтары як ад улады, так і з апазыцыі. Ва Ўкраіне ня так шмат экспэртаў па Беларусі, каб іх падлічыць, хопіць пальцаў дзьвюх рук, ня трэба нават разувацца. Мы лічым, што патрэбны спэцыяльны прадстаўнік па Беларусі, як ёсьць у Польшчы і Швэцыі. Калі ўкраінская ўлада ня хоча мець спэцпрадстаўніка толькі па дэмакратычных сілах, то можна зрабіць па ўсёй Беларусі ў цэлым», — выказвае ідэю Яўген Магда.
Год назад у румынскім Сінаі з ініцыятывы ўкраінскага боку прайшла сустрэча з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Некаторыя называлі тую сустрэчу нават агледзінамі беларускай апазыцыі. Ці меў форум у Львове падобны фармат?
«Гэта абсалютна розныя рэчы. Тут больш пра экспэртны дыялёг», — адказвае на гэта Яўген Магда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Уладзімір Зяленскі заявіў, што перамоваў з Расеяй і перадачы ёй тэрыторый ня будзе. Што ён сказаў яшчэГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна таксама разьмясьціла на мяжы зь Беларусьсю «зубы цмока»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.