Міністэрства аховы здароўя Дагестану паведаміла, што пры беспарадках у аэрапорце пацярпелі больш за 20 чалавек. Двое зь іх у вельмі цяжкім стане. Дзесяць чалавек шпіталізавалі, у астатніх дзесяці — лёгкія траўмы.
Аэрапорт адновіць працу не раней за 31 кастрычніка.
МУС Расеі заявіла, што паліцыянты затрымалі больш за 60 удзельнікаў пагромаў.
Агулам паліцыя адзначыла, што ўстанавіла асобы 150 удзельнікаў, а значыць, затрыманьні і арышты яшчэ будуць. У пагромах пацярпелі 9 паліцыянтаў.
29 кастрычніка каля тысячы чалавек на антысэміцкай акцыі заблякавалі махачкалінскі аэрапорт — яны выйшлі на пратэст у связі з прыбыцьцём рэйсу Тэль-Авіў — Махачкала. Пратэстоўцы ўчынілі пагром унутры будынку аэрапорту, а таксама выбеглі на ўзьлётна-пасадачную паласу. «Расавіяцыя» праз гэта закрыла аэрапорт да 6 лістапада.
Паліцыі ў аэрапорце было вельмі мала і спачатку ніхто не рэагаваў на пагромы. Натоўп спыняў аўтамабілі і людзей у пошуках габрэяў. Многія людзі, у якіх у гэты дзень быў вылет з Махачкалы ў іншыя гарады, ня здолелі своечасова трапіць у аэрапорт. Пасажыры рэйсу з Дубаю правялі гадзіну ў салёне самалёта ў мэтах бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Дагестане ўдзельнікі антысэміцкай акцыі захапілі аэрапортТолькі бліжэй да 2 гадзін ночы пратэстоўцы практычна цалкам пакінулі тэрыторыю аэрапорту.
Прадстаўнік галоўнага рабінату Расеі ў Дагестане Авадзія Ісакаў у інтэрвію выданьню «Подъём» ня выключыў, што габрэйскую грамаду давядзецца эвакуаваць з рэспублікі.
Кіраўнік Дагестану Сяргей Мелікаў заявіў, што «ні для каго не сакрэт», што за пагромамі стаіць тэлеграм-канал «Утро Дагестана», зь якога людзей правакавалі на пратэсты. Мелікаў абвінаваціў канал у тым, што ён кіруецца з тэрыторыі Ўкраіны, але ніякіх доказаў сваім словам не прывёў. Раней гэты тэлеграм-рэсурс належаў колішняму дэпутату расейскай Дзяржаўнай думы Ільлю Панамарову, але той ужо даўно ня мае да каналу дачыненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка праз тры тыдні выказаўся пра падзеі на Блізкім Усходзе: ва ўсім абвінаваціў Ізраіль і ЗША