Нікому з нашых суразмоўцаў беларуская амбасада не дапамагала выехаць пасьля пачатку вайны ў Ізраілі.
У Ізраілі жывуць тысячы беларусаў, якія маюць як ізраільскае, так і беларускае грамадзянства. Амбасада Беларусі ў Ізраілі зьбірала інфармацыю пра сваіх грамадзян, але эвакуацыйных рэйсаў для ахвочых вылецець у Беларусь пакуль не было.
19 кастрычніка кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік назваў сытуацыю зь беларускімі грамадзянамі ў зоне канфлікту «даволі няпростай». Ён заявіў, што Беларусь атрымала дазвол на гуманітарны рэйс кампаніі «Белавія» ў Ізраіль. Але выканаць гэта будзе «ня проста».
«На сёньняшні дзень застаецца адна перашкода — гэта санкцыі ЗША ў адносінах нашага нацыянальнага авіяперавозчыка», — заявіў Алейнік.
Хто хоча вярнуцца ў Беларусь, вылятаюць з Ізраіля самі. Свабода пагутарыла зь некаторымі зь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік МЗС Алейнік паведаміў, хто перашкаджае Беларусі эвакуаваць сваіх грамадзян з Ізраіля«Самы просты і танны шлях — праз Грузію»
У адмысловых суполках у сацыяльных сетках беларусы дзеляцца сваім досьведам вылету з Ізраілю. Пішуць, што цэны на дарогу пасьля пачатку вайны вырасьлі прыкладна ў два разы. Некаторыя авіякампаніі адмянілі палёты ў Ізраіль на некалькі тыдняў.
Некаторыя беларусы выбіраюць шлях праз Кіпр і Польшчу. Адтуль — аўтобусам да Менску. На наступную нядзелю, 22 кастрычніка, квіткі на рэйс Тэль-Авіў — Лярнака (Кіпр) каштуюць 130-145 даляраў, зь Лярнакі ў Варшаву — 190 даляраў, аўтобус з Варшавы да Менску — 30 даляраў.
Самалёты ізраільскай кампаніі El Al у аэрапорце Тэль-Авіва, архіўнае фота
Вылятаюць у Менск і праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Гэта каштуе каля тысячы эўра. Білеты з Тэль-Авіва да Дубая на 22 кастрычніка ў ізраільскай авіякампаніі «Эль-Аль» — па 300-400 даляраў, з Дубая да Менску — 400-600 даляраў.
Беларус Максім* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў, што да яго ў Ізраіль прыяжджала сваячка зь Беларусі. Яна плянавала вярнуцца дахаты ў Менск самалётам праз Баку, азэрбайджанскімі авіялініямі. Але некалькі дзён таму рэйс адмянілі. Таму цяпер беларуска паляціць праз Тбілісі. Туды квіток каштаваў каля 160 даляраў. На рэйсы Тбілісі — Менск кампаніі «Белавія» трэба выдаткаваць каля 360 даляраў. Усяго 520 даляраў за дарогу.
«Можна было ляцець хоць сёньня праз Маскву, самалёты і квіткі ёсьць. Але з Тэль-Авіва да Масквы квіток каштаваў 870 даляраў. Гэта ізраільскай кампаніі „Эль-Аль“», — патлумачыў суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Вы першая жанчына, якая да нас прыехала». Як 71-гадовая гарадзенка валянтэрыла на вайне ў ІзраіліЁн дадаў, што ад пачатку вайны сваячка тэлефанавала па дапамогу ў амбасаду, ды лінія была заўсёды занятая.
На 22 кастрычніка самыя танныя білеты з Тэль-Авіва да Масквы каштуюць 960 даляраў.
Іншы беларус, Антон (імя зьмененае. — РС) патлумачыў, што амбасада тэлефанавала тым беларусам, якія стаяць на ўліку.
«Проста яны зьбіралі інфармацыю, і ўсё. Сам я туды не званіў. Вывучыў рэйсы і прыйшоў да высновы, што самы лёгкі і танны шлях — праз Грузію», — кажа Антон.
У аэрапорце Тэль-Авіва, 7 кастрычніка 2023
Ён дадаў, што ізраільскія ўлады не рэкамэндуюць сваім грамадзянам лятаць у Турэччыну ці празь яе.
Беларуска Ірына, якая вырашыла ляцець на радзіму 14 кастрычніка, аддала за дарогу дадому 1200 эўра.
«Ляцела праз Стамбул. Потым Варшава і аўтобус да Берасьця. Уся дарога — 1200 эўра», — патлумачыла яна.
Іншая ўраджэнка Беларусі напісала, што яна зьвязалася з «каналам, які займаецца эвакуацыяй беларусаў», і ёй там адмовілі, бо яна мае пашпарт Ізраілю.
Яна дадала, што значна вырасьлі цэны на рэйсы ў Маскву. «Расейскія авіялініі на бліжэйшыя дні — 3600 даляраў на бабулю і дваіх унукаў», — патлумачыла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ізраіль скарэктаваў лічбу загінулых ад нападу ХАМАС беларусаўШто зь беларусамі ў сэктары Газа
Консул Беларусі ў Ізраілі Станіслаў Венцаль яшчэ 10 кастрычніка казаў, што «дасягнутая дамоўленасьць з расейскім бокам аб эвакуацыі дзясяткаў беларусаў з сэктару Газа». Але на гэты момант нічога не вядома пра эвакуацыю. Расейскія СМІ пішуць, што яна дагэтуль не адбылася. Меркавалася эвакуаваць расейцаў праз Эгіпет.
«Там сытуацыя няпростая. Непасрэднае прыбыцьцё на гэтую тэрыторыю немагчымае. Сытуацыю ўскладняюць перабоі з інтэрнэтам і сувязьзю», — казаў Станіслаў Венцаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вайна Ізраілю і ХАМАСу стварае для Расеі магчымасьці і пагрозы