Расея выйшла з Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў

Дзяржаўная Дума Расеі, архіўнае фота

З ініцыятывай адклікаць ратыфікацыю дамовы выступіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Дэпутаты Дзяржаўнай Думы Расеі ў другім і трэцім чытаньнях прынялі законапраект аб адкліканьні ратыфікацыі Дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў.

Дакумэнт унесьлі ў Дзярждуму 13 кастрычніка. Яго распрацаваў профільны камітэт на даручэньне кіраўніка Думы Вячаслава Валодзіна.

На пачатку кастрычніка з ініцыятывай адклікаць ратыфікацыю выступіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. На пасяджэньні дыскусійнага клюбу «Валдай» ён сказаў, што няма неабходнасьці мяняць ядзерную дактрыну Расеі, але можна падумаць аб адкліканьні ратыфікацыі дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў, паколькі ЗША не ратыфікавалі гэтую дамову.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што адкліканьне ратыфікацыі не азначае намеру Масквы праводзіць ядзерныя выпрабаваньні.

Што гэта за дамова

Дамову аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў прынялі на 50-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у 1996 годзе. Яна не набыла моц, паколькі яе не падпісала дастатковая колькасьць краін. Зь ядзерных дзяржаў Індыя, Пакістан і Паўночная Карэя не падпісалі дамовы, а ЗША і Кітай падпісалі, але не ратыфікавалі.

У сучаснай Расеі ядзерных выпрабаваньняў, зьвязаных з выбухам рэальнага ядзернага зараду, яшчэ не праводзілася. У СССР апошняе выпрабаваньне правялі ў 1990 годзе. Сёлета ў лютым Уладзімір Пуцін казаў, што Расея ня будзе аднаўляць ядзерныя выпрабаваньні, калі іх не адновяць ЗША.

Расея завозіць сваю ядзерную зброю ў Беларусь

Улетку 2023 году была інфармацыя пра перакіданьне расейскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі. Дакладнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі так і не паступіла. Аднак у Маскве заявілі, што знаходжаньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не парушыць міжнародных дамоваў, паколькі зарады застануцца пад кантролем расейскага войска. Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што сам будзе распараджацца зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У МЗС Расеі заявілі аб працэсе разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. У Кіеве ня бачаць новых пагроз

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Працэс перадачы ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь працягваецца — прэзыдэнт Польшчы