Сярод паліцыянтаў, якія загінулі падчас нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, было двое ўраджэнцаў Беларусі. Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ.
25-гадовую Алену Астапенку, ураджэнку Беларусі, пахавалі ўчора ўначы, расказала тэлеграм-каналу «Осторожно, новости» маці дзяўчыны.
Паводле зьвестак каналу, Алена Астапенка эмігравала ў Ізраіль з мамай і старэйшай сястрой у 2000 годзе з Рэчыцы (Гомельская вобласьць). Алене тады было два гады. «Яна была вельмі добрай дзяўчынкай, як я яе памятаю, калі была маленькая», — расказаў «Осторожно, новости» сябар сям’і.
У Ізраілі Алена скончыла школу, пасьля адслужыла тэрміновую службу ў войску, у апошні час жыла на поўдні краіны, у Нэтывоце, і служыла ў паліцыі. Сябры сямʼі адзначаюць, што сама Алена пра сваю службу не расказвала: некаторыя зь іх толькі з навінаў даведаліся, што яна была паліцыянткаю.
Раніцай 7 кастрычніка падчас нападу баевікоў ХАМАС на паўднёвыя паселішчы Ізраілю Алена патрулявала ўчастак у горадзе Афакім. Разам зь іншымі паліцыянтамі і байцамі Арміі абароны Ізраілю адбівала напады баевікоў. Мясцовыя СМІ паведамлялі, што на 21-м участку на поўдні Ізраілю ў гарадах Афакім і Нэтывот ішоў стралковы бой з ХАМАС.
Таксама падчас нападу баевікоў ХАМАС на прымежныя тэрыторыі Ізраілю загінуў 38-гадовы ўраджэнец Беларусі Віталь Карасік, паведаміла ўдава загінулага Юлія Карасік.
Віталь Карасік нарадзіўся ў беларускім Магілёве ў 1985 годзе. Шмат гадоў таму пара пераехала ў Ізраіль. Віталь працаваў сьледчым аддзелу крыміналістыкі Тэль-Авіўскай акругі ў званьні сяржанта. «Мой муж загінуў, абараняючы краіну ад тэрарыстаў», — сказала Юлія.
Раней стала вядома пра тры выпадкі раненьня грамадзян Беларусі: маці і сын былі параненыя ў Ашкелоне, яшчэ адна беларуска пацярпела, калі спускалася ў бамбасховішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пяты дзень вайны ў Ізраілі: ізраільцы пераходзяць у маштабны наступ, ХАМАС абяцае забіваць па адным закладніку за кожны ўдарАгульная колькасьць ахвяраў з двух бакоў ужо перавысіла 2 тысячы: у Ізраілі загінулі больш за 1200 чалавек, у тым ліку 155 вайскоўцаў, а ў Газе — 900 чалавек, у тым ліку 260 дзяцей і 230 жанчын, паведамляе Associated Press. Тысячы параненых з абодвух бакоў.
У Ізраілі паведамілі, што баевікі ХАМАС выкралі больш за 150 ізраільцаў. Узброеная групоўка ХАМАС папярэдзіла, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы без папярэджаньня будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.