Ва Ўкраіне адзначаюць сьвята дзяржаўнага сьцяга. Расея зноў атакавала марскую інфраструктуру на Адэшчыне

Ва Ўкраіне 23 жніўня адзначаюць дзень дзяржаўнага сьцяга

Другі год запар усе масавыя імпрэзы, прымеркаваныя да дзяржаўных сьвятаў Украіны, забароненыя ва ўсіх рэгіёнах.

Ва Ўкраіне традыцыйна перад Днём незалежнасьці адзначаюць Дзень дзяржаўнага сьцяга. Другі год запар усе масавыя захады, прымеркаваныя да дзяржаўных сьвятаў, забароненыя ва ўсіх рэгіёнах.

Украінскія ўлады папярэдзілі ўкраінцаў аб магчымым павелічэньні колькасьці расейскіх абстрэлаў і заклікалі грамадзян дакладна выконваць патрабаваньні паветранай трывогі.

Да Дня незалежнасьці Ўкраіны ў Кіеве рыхтуюць «парад» зьнішчанай расейскай тэхнікі. ФОТА

У Кіеве паднялі самы вялікі ўкраінскі сьцяг

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што гэты дзень зьяўляецца асаблівым для Ўкраіны, як і сьцяг, які сёньня паднялі ў Кіеве — на ім зрабілі надпісы ўкраінскія вайскоўцы.

«Гэты сьцяг быў на ўсіх пазыцыях нашых воінаў, ад Чарнігава да Адэсы, па ўсіх лініях абароны Ўкраіны, у розных баявых брыгадах і падразьдзелах, у шпіталях, дзе лечаць нашых параненых, у руках валянтэраў. Гэты сьцяг будзе захоўваць нагадваньне пра вялікую колькасьць украінцаў і ўкраінак», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што сіня-жоўты сьцяг «абавязкова будзе лунаць паўсюль, дзе мусіць быць па праву, на ўсёй сувэрэннай тэрыторыі Ўкраіны».

Пазьней гэты сьцяг перададуць на экспазыцыю ў Нацыянальны музэй вайны за незалежнасьць Украіны.

Пада цырымоніі. Кіеў, 23 жніўня 2023

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскае войска вызваліла ад расейцаў тэрыторыю яшчэ каля двух населеных пунктаў на Запарожжы

Расея не спыняе атак на портавую інфраструктуру Адэшчыны

У ноч на 23 жніўня расейскія войскі запусьцілі на Адэскую вобласьць бесьпілётнікі з узьбярэжжа Азоўскага мора.

Абласныя ўлады паведамілі, што расейцы чарговы раз пацэлілі ў сховішчы для збожжа і вытворча-перагрузачны комплекс, які абслугоўвае порт на рацэ Дунай.

У выніку ўдару пачаўся пажар, яго ўдалося лякалізаваць. Сярод цывільных ніхто не пацярпеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі: За месяц Расея ажыцьцявіла сем масіраваных атак па ўкраінскіх партах

У Херсоне расейцы пацэлілі ў дзіцячы садок

Гарадзкія ўлады заявілі, што раніцай у выніку інтэнсіўнага абстрэлу расейцы зьнішчылі ўстанову дашкольнай адукацыі. Пажар тушылі 14 супрацоўнікаў службы надзвычайных сытуацый.

За апошнія 24 гадзіны расейцы выкарысталі для абстрэлу гораду 78 артылерыйскіх снарадаў. Адзін грамадзянін загінуў, чатыры атрымалі раненьні рознай цяжкасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне абвясьцілі часовыя калідоры для гандлёвых караблёў, якія выходзяць з адэскіх партоў

Паветраныя сілы Ўкраіны: Расея атакавала двума дзясяткамі дронаў

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 23 жніўня расейцы запусьцілі да 20 ударных дронаў.

Сродкі супрацьпаветранай абароны зьнішчылі 11 бесьпілётнікаў — дзевяць над Адэскай і два — над Запароскай абласьцямі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.