Расейскі пасол у Менску заявіў, што напад на Беларусь Масква будзе разглядаць як напад на сябе

Барыс Грызлоў і Ўладзімер Пуцін

Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што напад трэцяга боку на Менск Масква будзе разглядаць як напад на РФ і адказ будзе ўсімі магчымымі сродкамі ўзбраеньня.

«Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін дакладна сказаў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы ў выпадку нападу на тэрыторыю Беларусі мы будзем лічыць гэта нападам на Расею. Ваенная дактрына Расейскай Фэдэрацыі прадугледжвае ў гэтым выпадку адказ усімі нашымі магчымымі сродкамі ўзбраеньня», — сказаў Грызлоў у інтэрвію тэлеканалу СТВ, паказаным у нядзелю.

1 жніўня Лукашэнка заявіў, што палова з заплянаванай для разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ўжо ў Беларусі.

«Ня дай божа, давядзецца выкарыстаць гэтую зброю. Я ўсе ж спадзяюся, што гэтага ня будзе. Мы ні да кога ў агарод ня лезем, але і да нас, калі ласка, ня лезьце. Мы забясьпечым сябе і сваю бясьпеку з улікам дапамогі нашых сяброў», — дадаў Лукашэнка.

Яшчэ напрыканцы ліпеня выведнае ўпраўленьне Міністэрства абароны ЗША заявіла, што «няма падставаў сумнявацца» ў тым, што Расея, як сьцьвярджаў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, сапраўды разьмясьціла тактычнае ядзернае ўзбраеньне ў Беларусі.