НАУ перадала Ўкраіне імёны беларускіх судзьдзяў і прапагандыстаў для ўключэньня ў санкцыйны сьпіс

Кіраўнік НАК Павал Латушка

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» (НАУ) Беларусі перадало Нацыянальнаму агенцтву ў пытаньнях прадухіленьня карупцыі Ўкраіны пералік асобаў і арганізацый рэжыму Лукашэнкі, якія актыўна падтрымліваюць расейскую агрэсію супраць Украіны, для накладаньня нацыянальных санкцый украінскім бокам.

Як паведамляе «Зеркало», у папярэдні санкцыйны сьпіс увайшлі 24 судзьдзі, якія маюць дачыненьне да рэпрэсій супраць грамадзян Беларусі за іх падтрымку Ўкраіне і пратэст супраць расейскай агрэсіі.

«Таксама ў сьпіс трапілі 15 прапагандыстаў рэжыму, якія маюць дачыненьне да распальваньня вайны, распаўсюджваньня хлусьні і апраўданьня расейскай агрэсіі», — распавялі ў НАУ.

Агулам у прадстаўленым сьпісе 55 фізычных асобаў.

«Акрамя гэтага, сьпісы кандыдатаў папоўняць і іншыя асобы і арганізацыі, зьвязаныя з так званай саюзнай дзяржавай Беларусі і Расеі, у тым ліку датычныя да прымусовага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей, сталы камітэт саюзнай дзяржавы, яе чальцы, а таксама тэлерадыёвяшчальная арганізацыя саюзнай дзяржавы», — дадалі ў НАУ.

Імёны кандыдатаў на ўключэньне ў санкцыйны сьпіс Украіны 15 жніўня разьмясьцілі на спэцыялізаваным партале «Вайна і санкцыі». На гэтым сайце пэрсонамі пад рызыкай санкцый, напрыклад, указаныя беларускі сьпявак Анатоль Ярмоленка і прапагандыстка Марыя Пятрашка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

НАУ накіравала ў Генпракуратуру Ўкраіны тэкст заяў Лукашэнкі аб намеры працягваць вывозіць украінскіх дзяцей

Санкцыйныя прапановы ўкраінскае агенцтва карупцыі накіравала ў Службу бясьпекі Ўкраіны, МЗС і Офіс генпракурора Ўкраіны — для далейшага вывучэньня і рашэньня аб накладаньні абмежаваньняў.

Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта і кіраўнік НАУ Павал Латушка адзначыў, што «каманда НАУ знаходзіцца ў сталым кантакце з украінскім бокам у пытаньнях санкцыйнага ціску і адказнасьці».

«Кожны судзьдзя, які асуджае людзей за падтрымку Ўкраіны і міру, кожны прапагандыст, які падбухторвае да несправакаванай агрэсіўнай вайны, а самае галоўнае, асобы, якія маюць дачыненьне да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей, павінны адчуць канкрэтныя наступствы сваіх дзеяньняў. Уключэньне ў сьпіс кандыдатаў на санкцыі зьяўляецца важным крокам на гэтым шляху», — падкрэсьліў кіраўнік Нацыянальнага агенцтва ў пытаньнях прадухіленьня карупцыі Ўкраіны Аляксандар Новікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адной з галоўных праблемаў беларускія прадпрымальнікі называюць санкцыі. Вынікі апытаньняў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Грузіі паабяцалі «дэталёва вывучыць» санкцыі, якія ЗША ўвялі супраць «Белавія», і «адказаць адпаведна»