ЗША акажуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу на суму 200 мільёнаў даляраў, паведамілі «Голасу Амэрыкі» афіцыйныя асобы адміністрацыі Байдэна.
Чакаецца, што ў пакет увойдуць дадатковыя ракеты для комплексаў HIMARS і дадатковыя боепрыпасы для зэнітных ракетных комплексаў Patriot.
Службоўцы гутарылі з «Голасам Амэрыкі» на ўмовах ананімнасьці перад чаканым апублікаваньнем пакету пазьней на гэтым тыдні.
Паводле іх, дапамога таксама будзе ўключаць прылады для разьмінаваньня і супрацьтанкавую зброю, такую як ракеты TOW і ручныя супрацьтанкавыя гранатамёты АТ4.
Новы пакет дапамогі будзе 44-й перадачай узбраеньняў з складоў Пэнтагону ад пачатку расейскага ўварваньня ў лютым 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША выдзелілі Ўкраіне новы пакет дапамогі на $400 млн. У яго ўвайшлі ракеты для HIMARS і БТР StrykerАд таго часу Украіна ўжо атрымала ад ЗША дапамогу на больш за 43 мільярды даляраў.
На гэтыя сродкі для супрацьстаяньня мацнейшым расейскім узброеным сілам закупленыя, прыкладам, гаўбіцы і мільёны адзінак боепрыпасаў .
У інтэнсіўнай і крывавай сухаземнай вайне значная частка боепрыпасаў і зброі ўжо спажытая.
Адміністрацыя Байдэна фінансуе вайсковыя намаганьні Ўкраіны празь дзьве праграмы. Першая праграма (Presidential Drawdown Authority, або PDA) дазваляе браць узбраеньне з наяўных запасаў з санкцыі прэзыдэнта.
Другая, «Ініцыятыва спрыяньня бясьпецы Ўкраіны» (Ukraine Security Assistance Initiative або USAI), фінансуе доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку буйных сыстэмаў узбраеньняў, якія маюць вырабіць або мадыфікаваць абаронныя кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША вылучаюць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 1,3 мільярда даляраў. Што ў імАбедзьве праграмы разьлічаныя да канца фінансавага году, які завяршаецца 30 верасьня.
У адміністрацыі ўжо скончыліся б грошы для праграмы PDA на 2023 фінансавы год, калі б Пэнтагон ня выявіў, што дапусьціў бухгальтарскую памылку, пераацаніўшы кошт папярэдніх пакетаў узбраеньняў, перададзеных Украіне.
У выніку аказалася, што ў праграме PDA засталося каля 6,2 мільярда даляраў для працягу падтрымкі, пакуль Кангрэс не зацьвердзіць дадатковыя сродкі. Новы пакет дапамогі ў 200 мільёнаў даляраў фінансуецца з гэтай астачы.
«Мы ўпэўненыя, што можам і далей пастаўляць Украіне тое, у чым яна мае патрэбу на полі бою, — заявіла намесьніца прэсавага сакратара Пэнтагону Сабрына Сынґг на брыфінгу ў аўторак. — Аднак я не хачу апярэджваць якія-небудзь дадатковыя запыты да Кангрэсу».
У бюджэце праграмы USAI на 2023 фінансавы год засталося каля 600 мільёнаў даляраў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.